Юрась Губарэвіч: Збор подпісаў у Беларусі не забаронены заканадаўствам
“Збіраць подпісы не забаронена беларускім заканадаўствам у любы час”, – так каментуе намеснік старшыні «Руху за свабоду» Юрась Губарэвіч словы старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай пра тое, што пікеты, якія будуць праводзіцца для збору подпісаў за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты, не могуць выкарыстоўвацца для іншых мэтаў.
– Ярмошына не дае спасылку на закон, які забараняе гэта рабіць зборшчыкам подпісаў. Падчас усіх мінулых кампаній кандыдыаты, якія хацелі атрымаць дадатковую падтрымку выбаршчыкаў, прасілі падпісацца пад той ці іншай сацыяльнай ініцыятывай. Збор подпісаў у Беларусі не забаронены заканадаўствам. Ён можа адбывацца і ў часе паміж выбарчымі кампаніямі і падчас выбарчай кампаніі. Гэта права кожнага чалавека звярнуцца да іншых са сваёй ідэяй і знайсці салідарную падтрымку.
Як зазначыла 1 ліпеня на паседжанні цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, іншыя зборы подпісаў акрамя як за кандыдата ў прэзідэнты на пікеце праводзіцца не могуць, яны незаконныя.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя