Гарадзенскі журналіст раіць абскарджваць незаконныя прысуды
“Кожны незаконны прысуд трэба абскарджваць”, – такога меркавання прытрымліваецца гарадзенскі журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка.
Яго ўжо тройчы судзілі па абвінавачанні ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі”, а раней беспадстаўна выклікалі ў пракуратуру Гарадзенскай вобласці, а таксама ў КДБ. Журналіста вінавацілі, між іншым, у працы на нашае Беларускае Радыё Рацыя без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
– Абскарджванне прысудаў я разглядаю як маральнае ўздзеянне на дзяржаву. Не ідзе пра тое, каб бачыць сэнс у гэтым абскарджванні і спадзявацца на задавальненне скаргаў, а каб аказваць маральны ціск на тых суддяў, якія нас судзілі, суддзяў раённых і абласных судоў, якія ажыццяўлялі над намі вось такія ўчынкі.
Андрэй Мялешка рыхтуе скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, паколькі ўсе суды, у якіх ён аспрэчваў рашэнне судоў першай інстанцыі, адмовілі журналісту ў задавальненні скаргаў. “Такім чынам, склалася замкнёнае кола і існуе фактычная забарона для журналіста на прафесію, а магчымасці дамагчыся забеспячэння сваіх правоў на нацыянальным узроўні вычарпаныя”, – адзначае сайт праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Паводле ж Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, сёлета незалежных журналістаў судзілі 22 разы па арт. 22.9 ч.2 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Агульная сума штрафаў на сёння ўжо перавышае 117 мільёнаў рублёў. Яшчэ два суды чакаюцца 9 і 10 ліпеня.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя