На дарозе як на вайне



Тут адкрываюцца найгоршыя нашы якасці. Калі вы думаеце, што свет складаецца адно з добрых людзей – пачніце кіраваць аўтамабілем у вялікім горадзе, каб сбалансаваць вобраз грамадства ў сваёй галаве. Я, па-мойму, ужо сбалансавала.

Аднойчы, калі я нахвальвала людзей і казала, што сярод іх насамрэч мала кепскіх, мой знаёмы адказаў: “Гэта проста яны перад табой паказваюцца, як цукерачкі ў абгортках, з лепшага боку. Калі з імі штодзённа працуеш, яны іншыя”. Тое можна сказаць не толькі пра сумесную працу, але і пра знаходжанне ў іншым вялікім калектыве – сітуатыўным дарожным.

Менавіта на дарозе я зразумела, што ўзаемапавага, пра якую нават у правілах дарожнага руху напісана як абавязак кожнага – рэч даволі экзатычная. За год кіраўнічага стажу я ўжо прывыкла да ў лепшым выпадку абыякавасці, у горшым – да агрэсіўнасці з боку калег за стырном, так што калі нехта з іх робіць жэст ветлівасці, ад неспадзяванкі можна чэлюсць згубіць.

Менавіта на дарозе я зразумела, што давяраць выпадковым людзям – рэч у адносінах да сябе недаравальная. Пра гэта ж думаюць і астатнія кіроўцы, таму пры першай матэрыяльнай магчымасці заводзяць у сваіх аўто рэгістратары. Вы, напэўна, чулі, як выратавала гэтая няхітрая штука хлопца з Пінска, які спыніўся дапамагчы дзяўчыне, што з’ехала ў кювет. Дзяўчыне дапамог, яшчэ і ДАІ ёй выклікаў, а дзяўчына пасля не міргнуўшы вокам абвінаваціла ў аварыі яго. Маўляў, ехаў ззаду, здзекаваўся, падразаў… У маім родным Берасці пра рэгістратары ўспомнілі і ў сувялі з узрослай актыўнасцю дарожных інспектараў, якія са скуры вылазяць, а планы па напаўненні бюджэта выконваюць.

Дарога дапамагае таксама спасцігнуць, што людзі пераважна – істоты вельмі нецярплівыя і заўсёды гранічна занятыя. Кожная секунда ў іх на рухунку, усе яны спяшаюцца ці зарабляць свой заробак у сярэднім памеры 300 даляраў на чалавека ці хутчэй забурыцца на канапу перад тэлевізарам, дзе тупа глядзець расійскія навіны. У любым выпадку – спяшаюцца, і той, хто не спяшаецца на дарозе разам з імі жудасна іх раздражняе. Пры гэтым калі ім здараецца ехаць не па звычнай трасе праца-дом-лецішча, а ў незнаёмым горадзе, і яны пачынаюць тармозіць, то не могуць узяць у толк, чаму мясцовыя вадзілы такія злыя. Пра сябе звычайных тады ніхто не згадвае.

На дарозе мне таксама стала відавочна, што сярод людзей зусім не прынята ўваходзіць у чужое становішча. Калі ім незразумелыя паводзіны іншага кіроўцы, яны тут жа выдадуць прыгавор – “дэбіл”, не задумваючыся, што магло прымусіць іх калегу выклікаць на сябе град абраз. У незразумелай машыне, можа, і сапраўды дэбіл, але хаця б дзеля ўласнага чыстага сумлення можна на секунду дапусціць, што па суседству з табой едзе такі ж чалавек, як і ты. І ў яго, магчыма, з’явілася праблема.

Людзі хутчэй раз’ядноўваюцца, чым аб’ядноўваюцца – яшчэ адна мая выснова, народжаная за стырном. На антаганізме пабудаваныя спачатку самі дарогі, а пасля і адносіны тых, хто імі карыстаецца. “Навошта гэта роварыст едзе так далёка ад узбочыны?” – аднойчы абурылася ў прысутнасці пасажыра я. – Хаця я сама ж роварыст…” – дадала ўжо з іншай інтанацыяй. “А гэта няважна. Вы цяпер за рулём з усімі выцякальнымі адсюль антаганістычнымі наступствамі”, – адказаў пасажыр. Нашыя дарогі без талковых пераходаў, без веладарожак лёгка ствараюць умовы для антаганістычных наступстваў, але яшчэ лягчэй мы на гэта вядземся.

З гэтых усіх якасцей партрэт тыповага чалавека (чытай, беларуса) атрымліваецца досыць несімпатычны. І плоскі, канешне. Мы розныя ў розныя імгненні свайго жыцця, але так здараецца, што нешта плённа каталізуе той негатыў, які ў іншых умовах мірна спіць. Хаця ўвогуле хамства на постсаўку ўражвае сваімі маштабамі і без каталізатараў.

Быў такі фільм пра сусетнае зло, дзе яго візуальна паказалі ў выглядзе бруду, які павялічваўся пры кожным выбуху агрэсіі між людзьмі. Што мы будзем рабіць з тым брудам у рэшце рэшт, калі не навучымся адзін аднаго паважаць?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ