Леанід Лыч: Савецкая авіяцыя бамбардавала густанаселеныя раёны Менску
Нягледзячы на тое, што Беларусь стала незалежнай краінай у 1991 годзе, цяперашняя ўлада для Дня Незалежнасці выбрала дату, звязаную з 1944 годам. 3 ліпеня 1944 года савецкія войскі ўвайшлі ў Менск, і ў БССР гэту дату адзначалі як Дзень Вызвалення Беларусі, хоць апошнія гітлераўцы былі прагнаныя з тэрыторыі нашай краіны толькі напрыканцы ліпеня 1944 года.
Пра дату 3 ліпеня Беларускае Радыё Рацыя пагутарыла з сучаснікам тых падзеяў, доктарам гістарычных навук, прафесарам Леанідам Лычом.
Радыё Рацыя: Спадар Леанід, ці адчувалі беларусы пасля вайны, што 3 ліпеня – гэта Свята Вызвалення?
Леанід Лыч: У 1945 годзе я ўжо скончыў 7 класаў, і вельмі добра памятаю, што ніхто 3 ліпеня 1945 года не адзначаў у нас гэтага свята, першай гадавіны. Калі я ўвосень 1945 года прыехаў у Менск вучыцца ў статыстычным тэхнікуме, даведаўся аб тым, што існуе такое свята.
Не раз паміж сабой студэнты і нават выкладчыкі гаварылі: “Ну як жа гэта так? 3 ліпеня называць Днём Вызвалення Беларусі? Беларусь жа была вызвалена ў канцы ліпеня 1944 года!”.
Нягледзячы на такое несупадзенне, стала традыцыяй адзначаць 3 ліпеня як Дзень Вызвалення Беларусі. Я думаю, што тут нейкую ролю магло адыграць 11 ліпеня 1920 года. У гэты дзень Менск быў вызвалены ад “белапалякаў”. Гэта дата адзначалася, у канцы 50-ых гадоў у Менску нават была вуліца 11 ліпеня. У многіх пытаўся, чаму яна так называецца, людзі паціскалі плячыма, не маглі адказаць. А гэта Дзень вызвалення Менска ад “белапалякаў”, таксама ён быў прызнаны Днём вызвалення Беларусі ад “белапалякаў”. Вось можа тая традыцыя і перакінулася на 3 ліпеня.
РР: Цяперашняя дзяржаўная ўлада адзначае 3 ліпеня як Дзень Незалежнасці. Тым ні менш, напрыклад, у Менску ў цэнтры горада вісіць чырвоны штандар з сярпом і молатам. Ва ўлады нейкае раздваенне – адзначаюць, што Беларусь незалежная, і адначасова вешаюць сцяг Савецкага Саюза, дзякуючы распаду якога наша краіна здабыла фактычную незалежнасць.
Леанід Лыч: Што датычыць перанясення Дня Незалежнасці на 3 ліпеня – гэта ўвогуле зусім небгрунтаваная акцыя з боку нашай дзяржавы. Ну ніяк нельга спалучаць Дзень вызвалення Менска з Днём Незалежнасці. У Дзень вызвалення Менска, калі б хтосьці пачаў заяўляць, што давайце будзем адзначаць і Дзень Незалежнасці, адразу б на яго пасыпаліся дакоры аб тым, пра якую незалежнасць можна гаварыць! За слова “незалежнасць” не пазбегнуць было б і якога-небудзь турэмнага пакарання. Ды ўвогуле, нельга было гаварыць пра незалежнасць, таму што ў першыя месяцы і гады пасля вызвалення Беларусі даверу да мясцовых кадраў не было, і таму многія пасады, у тым ліку і пасада першага сакратара ЦК КПБ, знаходзіліся ў руках прадстаўнікоў рускай нацыі, адкамандзіраваных сюды Масквою.
На мой погляд, большага свята ў нас не павінна было б быць, як Дзень сапраўднай Незалежнасці. І адзначаць мы яго павінны 27 ліпеня, паколькі 27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя аб суверэнітэце Беларусі. Тады яна яшчэ называлася Беларускай ССР.
РР: Вы ўзгадалі, што падзеі 1944 года прыпалі на час Вашага юнацтва. Цяпер беларускія гісторыкі сцвярджаюць, што 3 ліпеня савецкія войскі ўвайшлі ўжо ў пусты горад, так як гітлераўцы эвакуяваліся яшчэ напрыканцы чэрвеня. Мала таго, у гэты перыяд, ад моманта, калі выехалі немцы, аж да моманта, калі ўвайшлі саветы, Менск бамбардаваўся менавіта савецкімі самалётамі. Савецкія лётчыкі, савецкае войска нішчыла горад. Калі Вы былі юнаком, ці пра людзі гаварылі пра гэта?
Леанід Лыч: А як жа ж! Яшчэ і колькі пагалосак было! Мы шкадавалі менчукоў і ведалі, што іх знішчаюць не толькі акупанты, але і падчас бамбардзіровак савецкімі самалётамі. Бамбардавалі заўсёды больш густа населеную частку, дзе знаходзіліся яшчэ непашкоджанымі цэлыя будынкі. І нават яшчэ невядома, ці ад нямецкіх акупантаў больш менчукоў загінула, ці падчас савецкіх авіябамбардзіровак.
РР: На фоне таго, што Вы цяпер сказалі, 3 ліпеня як Дзень Незалежнасці Беларусі – не тое што нейкае сумнеўнае свята, яно проста здзеклівае для нашай дзяржавы.
Леанід Лыч: Калі ўзяць за аснову выгнанне немцаў, дык гэта Дзень Вызвалення. Калі ўзяць пад увагу, колькі за тыдзень да 3 ліпеня ў выніку бамбардзіровак было знішчана менчукоў, дык для многіх сем’яў гэта была трагедыя. Многія засталіся без жытла, многія страцілі членаў сваёй сям’і. Для тых людзей гэта была трагедыя. Яны жадалі б, каб іх сем’і захаваліся і Менск быў вызвалены нейкім іншым шляхам, чым у выніку такіх масіраваных налётаў савецкая авіяцыі. Вайна на тое і ёсць трагедыя, што яна не шкадуе ні чужых, ні сваіх.
Адам Завальня, Беларуская Радыё Рацыя
Цалкам гутарка ў гукавым файле