Вясёлкавы тыгр
Ёсць у Літве такі палітык, дэпутат Сойму Пятрас Гражуліс. Як і многія іншыя калегі, ён распачаў сваю дзейнасць яшчэ ў савецкія часы — распаўсюджваў рэлігійную і антысавецкую літаратуру, за што трапіў у турму, але і там не зламаўся, і не адступіў ад сваіх прынцыпаў. У адрозненне ад іншых, каго тагачасная сістэма знішчыла, калі не фізічна, дык маральна, ягоная гісторыя завяршылася хэппі-эндам: хоць і не трапіў на самую вяршыню ўлады, не ўвайшоў ва ўрад, не стаў прэзідэнтам, але й быць чальцом Сойму, і не адну кадэнцыю, таксама ганарова.
Аднак дэпутат Гражуліс быў зноў арыштаваны ўжо зусім нядаўна, у незалежнай Літве. Пасля чаго заявіў, што разважае магчымасць прасіць палітычнага прытулку ў Расіі ці Беларусі. Кайданкі ж яму надзелі за тое, што ён намагаўся перашкодзіць афіцыйна дазволенаму гей-параду ў Вільні. Бо спадар Гражуліс якраз і атрымаў вядомасць, як непрымірымы барацьбіт з гомасексуалістамі і лесбіянкамі, якіх ён прапануе ўвогуле высылаць з Літвы.
Праблема сексуальных меншасцяў цяпер на слыху, што называецца, навязла ў зубах. Практычна, кожны дарослы чалавек, незалежна ад сваёй сексуальнай арыентацыі, калі нават зусім не цікавіцца гэтымі праблемамі, штодзённа атакаваны такога роду інфармацыяй. У ранейшыя часы можна было пражыць жыццё і не даведацца, што такія людзі існуюць увогуле, цяпер жа складваецца ўражанне, што іх незлічонае мноства. Як і ўсё, што навязваецца гвалтам, нахабна, паўсюдна, — ці то рэклама, ці прапаганда, — гэта калі не абурае, то прынамсі раздражняе любога нармальнага чалавека. Кожны мае мноства складаных праблемаў — з працай, здароўем, экалогіяй, выхаваннем дзяцей, — чаму ён павінен несупынна цікавіцца лёсам аматараў анальнага сэксу?
Існаванне кожнай ідэі нагадвае хвалю — зараджаецца, набірае сілу, дасягае вяршыні, слабее і ўрэшце знікае.Так было з камунізмам — ад „Маніфесту Камуністычнай партыі” да кастрычніка 1917 года, праз пік магутнасці ў раннебрэжнеўскія часы, калі, здавалася, нішто не не можа спыніць распаўсюджванне гэтай ідэалогіі, (кампартыі былі ледзь не ў кожнай краіне!), да краху СССР у 1991 годзе. Той, хто жыў і ў тыя, і ў нашы часы, ведае : пры Саветах немагчыма было сабе ўявіць, што ленінізм з ягонымі Поўнымі зборамі твораў, незлічонымі помнікамі і абавязковымі цытатамі дзе трэба і не трэба, калісь развеецца, як кашмарны сон. Гэтасама будзе і з „вясёлкавай” гомасексуальнай хваляй. Няма сумненняў, што яны дамогуцца ўсяго, чаго патрабуюць — гей- парадаў, „шлюбаў”, роўных правоў, выкрасляць з усіх слоўнікаў слова „педэраст”, — і непазбежна зноў стануць тымі, кім былі заўсёды, — маргіналамі, экзотыкай, якая мала каму цікавая.
Камунізм пацярпеў паразу таму, што замахнуўся на адзін з асноўных інстынктаў чалавека — жаданне мець прыватную ўласнасць. Усе намаганні выхаваць асабліага „новага” чалавека, які будзе працаваць на абстрактнае „грамадства” з такім жа імпэтам, як на самога сябе, праваліліся. Палавы ж інстынкт яшчэ мацнейшы. Якая б ні была моцная прапаганда гомасексуальных стасункаў, колькі б яны ні бегалі па вуліцах са сваімі вясёлкавымі сцяжкамі, спадзявацца, што людзі, якія нарадзіліся гетэрасексуаламі, масава пакінуць сваіх кабет і дзяўчат, каб куляцца ў ложку з валасатымі і барадатымі асобнікамі свайго полу, проста смешна. Ніколі гэтага не будзе. Якія б ідыёцкія законы не прымаліся — кшталту таго, што прыняты нядаўна ў Нарвегіі, дзе асоба мае права акрэсліць свой пол толькі ў 16 гадоў, (а то яна дагэтуль не зазірала сабе паміж ног!) — усё гэта закране толькі нязначную меньшасць. Сапраўдныя мужчыны не перастануць быць мужчынамі, жанчыны — жанчынамі. А калі жменька няшчасных асобаў — а такія сапраўды ёсць! — якія адчуваюць сябе кімсьці іншага полу ў чужым целе, уздыхне з палёгкай,што не будзе цкаванай і высмейванай, — то ці ж гэта кепска?
У кітайцаў ёсць акрэсленне „папяровага тыгра” — як таго, што, хоць і выглядае грозна, на справе такім не з’яўляецца.Так і „вясёлкавы” тыгр — гадоў праз дзесяць – пятнаццаць мы забудземся, што такая праблема існавала ўвогуле. І людзям, надзеленым кіпучай энергіяй, якія сапраўды перажываюць за лёс сваёй Бацькаўшчыны, лепш пераключыцца на больш актуальныя праблемы — эканомікі, адукацыі, мовы. Гомасексуалізм — як капрызнае разбэшчанае дзіця, якое імгненна супакойваецца, калі на яго ніхто не звяртае ўвагу.
Пятрас Гражуліс, як і некаторыя ягоныя беларускія аднадумцы, бачаць выратаванне ад усіх праблем у рэлігіі. Гэта асобная і вялікая тэма, але на пэўныя моманты варта звярнуць увагу. Калі ў Ірландыі, Польшчы, ці ў той жа Літве, каталіцкі касцёл адыграў істотную ролю ў барацьбе за вызваленне адраджэнне нацыі, дык у Беларусі становішча зусім іншае. Тут ніколі не было нацыянальнай канфесіі. Наадварот, стагоддзямі каталіцтва і праваслаўе намагаліся знішчыць нацыянальную самасвядомасць беларусаў, дзелячы іх на „палякаў” і „рускіх”. Ведаю гэта па сабе — мае бацькі, беларусы з дзеда і прадзеда, якія не ведалі іншай мовы проч беларускай, шчыра лічылі сябе палякамі, бо былі каталікамі і маліліся па-польску.
Спадзявацца, што праваслаўныя бацюшкі „в одночасье” пачнуць слухацца не сваіх начальнікаў, мітрапаліта Паўла ды маскоўскага патрыярха Кірылу, а Паўла Севярынца, — вяршыня наіўнасці. Колькі за ўсю гісторыю было беларускіх патрыётаў сярод святароў? На пальцах адной рукі можна пералічыць! І найбольш іх гнобілі якраз калегі па канфесіі.
Увогуле, часы, калі рэлігія мела ўплыў на ўсе бакі жыцця, мінулі беспаваротна. Яна становіцца ў лепшым выпадку бяскрыўдным рудыментам, рытуалам. Як гальштук у адзенні — ніхто ўжо не ведае ў чым яго карысць і сэнс, але ж пры наведванні добрага рэстарана ці перад паседжаннем Сойму прынята яго павязваць.
Нядаўна на радыё „Свабода” быў нязвыклы госць — фізік- тэарэтык, член-карэспандэнт Расейскай Акадэміі навук, які пазіцыянаваў сябе як „глубоко верующего и воцерковлённого”. Аднак можна ўсумніцца, што ў сваіх навуковых артыкулах ён абгрунтоўвае фізічныя тэорыі грэхападзеннем Евы. Гэтаксама малаверагодна, што,скажам, прэзідэнт ЗША, а, мо й сам Папа рымскі ўсур’ёз вераць у ХХІ стагоддзі, што калісь існавала сям’я, якая здолела з усёй планеты сабраць прадстаўнікоў усёй жыўнасці да пары на адзін карабель; што ўсемагутны Бог, творца незлічоных галактык, жыў пэўны час у скрынцы, аздобленай каштоўнымі камянямі і вісюлькамі, „каўчэгу запавету”, ды ў іншыя біблейскія казкі, высмеяныя яшчэ Вальтэрам і Таксілем.
Рэлігія ніколі не адродзіць былой моцы, яе час мінуў. І добра, бо мы бачым, чым абярнулася „адраджэнне” ісламу, якія беды яно нясе чалавецтву. „Праваслаўны рэнесанс” не прынёс маральнага адраджэння Расеі, хутчэй, наадварот. Незайздросны лёс навукі ў краіне, дзе перад экзаменамі студэнтаў заахвочваюць не засесці за падручнікі, а маліцца нябеснаму заступніку.
Усеагульнай набожнасці не будзе ўжо ніколі. Затое не будзе і інквізіцыі, Варфаламееўскай ночы, палення старавераў у зрубах і таму падобных гісторый. Не трэба баяцца ўяўных пагрозаў, як і не трэба шукаць выйсця там, дзе на справе — гістарычны тупік.
І пара, ўрэшце рэшт, пагадзіцца з простай рэччу — верыць ці не верыць, з кім кахацца і якім спосабам — толькі і выключна асабістая справа кожнага дарослага свабоднага цывілізаванага чалавека.