Новая кніга Уладзіміра Сіўчыкава



Расказаць добрую гісторыю не так проста, а яшчэ  больш складана напісаць кнігу добрых гісторый. Пісьменнік, выдавец, дырэктар выдавецтва “Радыёла-плюс” Уладзімір Сіўчыкаў сваю новую кнігу так і назваў “Уладзевы гісторыі”. Гэта ўжо шостая кніга пісьменніка:

Гэта гумарыстычныя, фрывольныя і розныя іншыя гісторыі, па 2-3 старонкі, якія я ўжо пэўны час друкую, і пераважна ў часопісе «Дзеяслоў». На якія хораша адгукаецца штатны крытык „Літаратурнай Беларусі” Леанід Галубовіч. І вось цяпер яны пабачылі свет у выглядзе кніжачкі пад назвай «Уладзевы гісторыі».

Уладзімір Сіўчыкаў вядомы як перакладчык з грузінскай мовы, а таксама як аўтар шэрагу краязнаўчых артыкулаў пра горад Жодзіна. Сёлета ён стаў каардынатарам кніжнай серыі “Мая беларуская кніга”, у якой нядаўна адразу выйшла 26 тамоў беларускай класікі.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя