Ва Украіне ўсе міліцыянты стануць паліцыянтамі
Усе службы МУС Украіны будуць рэфармаваныя, каб звацца паліцыянтамі, абяцае міністр унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў. «Усе службы будуць рэфармаваныя. Толькі новыя службы будуць называцца паліцыяй. Спачатку патрульныя, за імі пойдуць участковыя паліцыянты, потым пойдзе крымінальны блок, потым – эксперты. У нас вялікая-вялікая праграма», – сказаў міністр журналістам, інфармуе interfax.by.
Кіраўнік МУС Украіны нагадаў, што ва ўкраінскай паліцыі будзе створана падраздзяленне, якое прыйдзе на змену цяперашнім атрадам спецпрызначэння. «Там зарплата будзе ў раёне 15 тысяч грыўняў. Гэта значыць, гэта годныя зарплаты для годнага новага паліцыянта», – дадаў міністр.
2 ліпеня Вярхоўная Рада Украіны прыняла законы «Аб Нацыянальнай паліцыі» і «Аб органах унутраных справаў».
Фота gordonua.com