Народная воля “Народнай волі”
20 год спаўняецца незалежнай ды самай масавай грамадска-палітычнай газеце краіны “Народная воля”. З моманту стварэння яна пазіцыяніравала сабе як апазіцыйную рэжыму Лукашэнкі. З ахвотай прадстаўляе трыбуну шырокаму спектру апазіцыйных палітыкаў. Брала актыўны ўдзел у інфармацыйным альтэрнатыўным забеспячэнні ўсіх палітычных кампаній, пачынаючы з сумна вядомага рэферэндума 1996 года. Заснавана былым галоўным рэдактарам органа ВС РБ “Народная газета” Іосіфам Сярэдзічам.
… У кабінеце галоўнага тоўпіліся калегі з незалежных выданняў, радыё, ТБ. Таму заходжу напачатку ў госці да “залатога пяра” “НВ” Святланы Калінкінай.
РР: Святлана, ты рэдагавала самую скандальную ды “папсовую” газету “Імя”. І стала адным з “архітэктараў” хоць самай папулярнай, тыражнай газеты, але якую ў прафесійным асяроддзі некаторыя папракаюць у кансерватызме стылю, меркаванняў. Як табе жывецца ў “НВ”?
Святлана Калінкіна: Цудоўна! Гэта проста розны прафесійны вопыт – таксама як і ў “БДГ”, і “Для служебного пользования”. Але я больш за 10 год у “НВ” і лічу, што газета шмат у чым змянілася. У ёй з’явіліся і “непалітычныя” палосы, стала больш дэмакратыі на старонках. У нас выступаюць не толькі прадстаўнікі БНФ альбо адраджэнцкага руху, як напачатку. Але людзі самых розных палітычных прыхільнасцей, што вядуць часам палкія дыскусіі…
РР: Аўдыторыя мяняецца – якім чынам?
Святлана Калінкіна: Яна мяняецца ва ўсіх СМІ. Бо, скажам, моладзь сышла ў навінава-газетны інтэрнэт і шмат у каго з “племя маладога, незнаёмага”, увогуле, няма патрэбы чытаць газеты. Хоць дакладна ведаю, што фармат сайтаў не падыходзіць да сур’ёзнага роздуму, аналізу – яны нам не канкурэнты! Больш таго. У нас з’явілася чыста рускамоўная аўдыторыя, многія прадстаўнікі якой сталі чытаць па-беларуску, дзякуючы “Народнай волі”! Маем шмат “прыхільнікаў” сярод наменклатуры так званай, чыноўнікаў. Галоўнае – яны, у адрозненне ад афіцыйных СМІ, ніколі не ведаюць чым агаломшыць наша “Воля”. Тым больш, самі знаходзяцца ў інфармацыйным вакуўме, калі многія тэмы пачні абмяркоўваць – “не так зразумеюць”, “возьмуць на аловак”. Зрэшты, газета шмат у чым залежыць ад галоўнага рэдактара і выдаўца…
А вось і ён – нязменны, вечны непаседа, рэдактар “НВ” Іосіф Сярэдзіч.
РР: Прыгадайце легендарна-дэтэктыўны пачатак выдання “Народнай волі”…
Іосіф Сярэдзіч: Ставілася задача спачатку, як і папярэднюю “Народную газету” – орган ВС 12 -13 склікання, – зрабіць штотыднёвай. Гэта настолькі напалохала ўлады, што ўжо праз 2 тыдні нас “прыхлопнулі” і ў друкарні, і ў шапіках. Давялося выпраўляцца ў тры доўгія эміграцыі ў Вільню, а пасля былі яшчэ 4 гады выдання ў Смаленску. З 20 гадоў – дайце веры – газета 10 з іх друкавалася за межамі краіны! Начавалі ў дарозе, нас арыштоўвалі, затрымлівалі ў Дуброўні, Ашмянах, але мы выдаваліся, хоць часам і са спазненнем на дзень-другі. Дастаўлялі і ў капэртах падпісчыкам, гублялі наклад, але даходзілі да людзей. І самае цікавае – выжыла тая газета, што прыносіць уладзе найбольш карысці, чым усе яе СМІ разам узятыя…
РР: Аляксандр Рыгоравіч пахваліўся жа, што пачынае ранак з “НВ”…
Іосіф Сярэдзіч: Прэзідэнту трэба дзякаваць, што ён мае такую інфармацыю, праз якую можа праверыць нават свае спецслужбы, пра што гаварыў на сустрэчы ў “Советской Белоруссии”. Мы ж бярэм яе з гушчыні, там жыве народ. Мы займаем сваю інфармацыйна-аналітычную нішу, моцна стаім на нагах. Нам не сорамна глядзець у вочы ані тым, хто пры ўладзе, ані тым, хто да яе імкнецца. Робім усё на карысць дэмакратычнай будучыні, развіцця роднай Беларусі!
“Народная воля” ўключаная ў каталогі “Белпошты”, выходзіць па аўторках ды пятніцах. Рэдакцыя Беларускага Радыё Рацыя віншуе калег з юбілеям і зычыць, каб НАРОДНАЯ ВОЛЯ ніколі не знікала з “Народнай волі”.
[Not a valid template]
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя