Аляксандр Камароўскі: Вынік будзе адзін…



Сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі распавядае, чаму ён не падтрымлівае ініцыятыву Уладзіміра Някляева.

Kamarousky

Экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў заявіў: “Мая прапанова зняцца з выбараў да пачатку рэгістрацыі ініцыятыўных груп і вылучыць адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай апазіцыі палітвязня Мікалая Статкевіча не знайшла падтрымкі ў патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты”.

Аляксандр Камароўскі: Я не прэтэндую на прэзідэнцкую пасаду, але хачу выказаць сваё меркаванне. Давайце скажам шчыра: рабіць зараз стаўку на Статкевіча – глухі нумар. Чалавек знаходзіцца ў турме, таму яго вылучэнне – пройгрышны варыянт. Мне падаецца, што проста атрымаецца мітусня вакол імя Мікалая Статкевіча. Праўда, і астатняя апазіцыя, якая збіраецца ісці на выбары, – нулявая. Набяруць яны свае 1,5 адсоткі – і што з таго? Таму альбо яны будуць удзельнічаць, альбо здымуць свае кандыдатуры – гэта ніякай вялікай ролі не згуляе для агульнай справы. А выбары ў любым выпадку адбудуцца. Будзе Гайдукевіч, Караткевіч… Якія-небудзь чатыры кандыдаты заўсёды знойдуцца. Таму зараз унутраныя разборкі, хто павінен так рабіць, а хто гэдак, па вялікаму рахунку, нікчэмныя.

РР: Па вашых словах, вылучэнне Статкевіча – пройгрышны варыянт, удзел у выбарах апазіцыі – тое самае. Дык можа на самой справе лепш аб’яднацца вакол сапраўднай асобы ад дэмакратычнай грамадскасці – Мікалая Статкевіча?

Аляксандр Камароўскі: Маё меркаванне, што выбары павінны адбыцца, каб не нашкодзіць сваёй краіне. І лепш усё ж такі, каб Захад іх прызнаў. Што б ні казалі, а беларускія ўлады поўнасцю не падтрымалі аванцюру Пуціна. Нам жа не патрэбна, каб тут была другая Україна. Да гэтага пытання патрэбна падыходзіць вельмі далікатна, каб не наламаць дроў, таму я і не падтрымліваю ініцыятыву Някляева. Байкот нічога Беларусі не дасць. У нас, як мне падаецца, і так каля 30 адсоткаў насельніцтва байкатуюць выбары і не ходзяць галасаваць. Але ж усё роўна вынік маем той, які сёння маем.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя