Уладальніца аграсядзібы: Масквічы тэлефанавалі – па 15 даляраў з чалавека – ім дорага



Уладальнікі аграсядзібаў на Гарадзеншчыне выказваюць незадавальненне перспектывай дыферэнцыяцыі падатку і яго шматразовага павялічэння. Цяпер падатак складае сто восемдзесят тысяч рублёў у год ці адну базавую велічыню.

Плануецца, што падатак будзе аплочвацца ў непасрэднай залежнасці ад прыбытку. Акрамя гэтага разглядаецца прапанова дазволу павялічэння падатку мясцовымі саветамі дэпутатаў – гаворка ідзе перад усім пра тых уладальнікащ аграсядзібаў, якія займаюцца арганізацыяй вяселляў, карпаратываў і іншых урачыстых мерапрыемстваў.

Гаспадары аграсядзібаў выказваюць меркаванне, што істотнае павелічэнне падаткаў можа канчаткова знішчыць гэтую галіну малога бізнэсу.

 – Масквічы-расейцы тэлефанавалі – па 15 даляраў з чалавека – ім гэта дорага. На сёння гэта смешна. Калі нехта праводзіць карпаратывы, можа і ёсць сэнс. А так – вельмі цяжка. Выдаткі на электраэнергію, на газ, на ацяпленне – вельмі вялікія. Усё хочуць, каб было цёпла, светла. Яны ўключылі свае гаджэты ў разетку і забыліся, што за гэта плацяцца грошы. 

Дзейнасць аграсядзібаў на Беларусі рэгулюецца Указам прэзідэнта краіны паводле якога змены не прадугледжаныя да 2021 года.

Новы праект указа дазваляе мясцовым саветам дэпутатаў павялічваць падаткі не больш, чым у 10 разоў у залежнасці ад таго, колькі пакояў утрымлівае аграсядзіба і ў якой мясцовасці яна знаходзіцца – на вёсцы ці ў горадзе.

Беларускае Радыё Рацыя