БАЖ: Пераслед журналістаў стварае вельмі адмоўны фон выбарчай прэзідэнцкай кампаніі



„Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ўзмацняецца ціск на незалежных журналістаў. Гэта стварае вельмі неспрыяльны фон для выбарчай кампаніі і ставіць пад сумнеў свабоду яе асвятлення ў СМІ”, – гаворыцца ў заяве „Беларускай асацыяцыі журналістаў”, размешчанай на сайце арганізацыі. “Мы выказваем рашучы пратэст у сувязі з узмацненнем ціску на журналістаў-фрылансераў, матэрыялы якіх з’яўляюцца ў замежных СМІ”, – кажа прэсавы сакратар БАЖ-у Барыс Гарэцкі.

Нас вельмі непакоіць тое, што напачатку выбарчай кампаніі мы маем такую вялікую хвалю пераследу незалежных журналістаў. Гэты ціск на журналістаў ставіць пад пытанне наогул адкрытасць будучых прэзідэнцкіх выбараў, што ўвесь час нібыта дэкларуе афіцыйны Менск. Мы лічым, калі журналістаў будуць па-ранейшаму судзіць, то казаць наогул пра якія-кольвек выбары немагчыма. Таму мы яшчэ раз звяртаемся да прадстаўнікоў беларускіх уладаў, судоў, пракуратуры і іншых з патрабаваннем спыніць пераслед журналістаў.

З пачатку бягучага года суды ўжо 22 разы штрафавалі журналістаў за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі. Агульная сума штрафаў за гэты год складае ўжо больш за сто мільёнаў рублёў.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя