Праваабаронцы: Прэзідэнцкія выбары не могуць быць праведзеныя свабодна
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не могуць быць праведзеныя свабодна – заяўляюць беларускія праваабаронцы. Шэсць прычынаў, па якіх выбарчы працэс не можа быць дэмакратычным і празрыстым, апублікаваныя на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Сярод іх – адсутнасць незалежных выбарчых камісій ды немагчымасць вартаснага назірання, кажа Валянцін Стэфановіч з ПЦ “Вясна”:
– Шмат гадоў маем сітуацыю, калі персаніфікаваная, аўтарытарная ўлада стварае такую сістэму, дзе няма месца для альтэрнатыўных поглядаў і няма публічнага працэсу, калі спаборнічаюць за выбаршчыка розныя палітычныя партыі і кандыдаты, якія прытрымліваюцца альтэрнатыўных палітычных поглядаў, а выбаршчых сярод іх выбірае тых, хто яму бліжэй. І ў выніку перамагае той, хто атрымае найбольшую падтрымку выбаршчыкаў.
Выбарчая сістэма ў Беларусі нагадвае сістэму Савецкага Саюза, дадае Валянцін Стэфановіч. Сярод іншых прычынаў, чаму беларускія выбары не могуць быць свабоднымі, праваабаронцы называюць: адсутнасць канкурэнтнага палітычнага працэсу, манапалізацыю СМІ, датэрміновае галасаванне ды непразрыстую працэдуру падліку галасоў.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя