Павел Усаў: Расея прымушае Беларусь ісці ў сваім фарватэры
Беларусі не даюць ужо нават рабіць выгляд шматвектарнасці замежнай палітыкі, мяркуе беларускі палітычны эксперт Павел Усаў. У часе сустрэчы Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам беларускі кіраўнік заявіў, што цяпер Менск не будуць папракаць у тым, што ён глядзіць на Захад. На гэта Пуцін дадаў: ”на Захад Расеі”. Тым самым Аляксандру Лукашэнку чарговы раз нагадалі, пра тое, ад каго залежыць яго ўлада, – лічыць Павел Усаў.
– Проста калі Лукашэнка не жадае яшчэ нейкі час пабыць прэзідэнтам Беларусі, нават такім пасаджаным каралём, ён павінен слухацца і паводзіць сябе так, як ад яго чакае Расея. То бок нават у яго галаве няма іншых канцэпцый акрамя той, каб быць і ісці туды, куды ідзе Расея.
Кіраўнік Беларусі прымаў удзел у самітах ШАС і БРЫКС у расейскай Уфе. Расея выказвае спадзяванне, што гэтыя арганізацыі, у якія ўваходзяць Кітай, Індыя, Бразілія ды іншыя краіны трэцяга свету, стануць супрацьвагай Захаду ў гаспадарчым і палітычным плане.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя