Сёлета Менску неабходна пагасіць знешні доўг у памеры 4 млрд. даляраў
760 мільёнаў даляраў другой траншы расейскага крэдыту Менск атрымае яшчэ ў ліпені, але Беларусі неабходныя яшчэ 3 мільярды даляраў. Пра гэта журналістам паведаміў міністр фінансаў Расейскай Федэрацыі Антон Сілуанаў. Менск звярнуўся па чарговы крэдыт да Расеі, каб пагасіць запазычанасці па ранейшых даўгах. У часе перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ва Уфе пытанне вылучэння крэдыту дэталёва не абмяркоўваліся, – паведаміў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, хаця менавіта пошук знешніх крэдытаў лічыць асноўнай мэтай візіту беларускага кіраўніка на саміты ШАС і БРЫКС у Расеі беларускі палітычны эксперт Павел Усаў.
– Зусім нядаўна было прынятае рашэнне ў межах БРЫКС стварэння пэўнай альтэрнатывы Міжнароднаму Валютнаму Фонду. Я скептычна гляджу на ўсе гэтыя памкненні Расеі стварыць нейкую паралельную структуру для МВФ і Сусветнага банку, але тым не менш Лукашэнка жадае ад усіх гэтых антызаходніх праектаў штосьці для сябе адарваць. Прынамсі папрасіць у Расеі чарговыя крэдыты, хаця зараз Расея знаходзіцца ў вельмі цяжкай фінансавай сітуацыі.
У сярэдзіне красавіка Расея і Беларусь дасягнулі дамоўленасці аб рэфінансаванні беларускіх плацяжоў па дзяржаўным доўгу. Сёлета Менску неабходна пагасіць знешні доўг у памеры чатырох мільярдаў даляраў.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя