Сквер у гонар берасцейскага пісьменніка ў Ковелі



F_OdraczВа ўкраінскім Ковелі ўладкавалі сквер у гонар пісьменніка з Берасцейшчыны Фёдара Одрача (1912-1964), які намаганнямі грамадзянскай супольнасці і мясцовага лясгасу быў закладзены ўвесну 2012 года. Гай папоўніўся новымі лаўкамі і ліхтарамі. Сквер знаходзіцца на левым беразе Турыі і тут расце звыш 200 бяроз, клёнаў і ясеняў.

На жаль, на роднай Піншчыне, дзе працяглы час жыў і настаўнічаў пасля Віленскага ўніверсітэта Фёдар Одрач, памяць пра пісьменніка пакуль не ўшанавана. Галоўны бар’ер на гэтым шляху – ягоная падтрымка і ўдзел ва ўкраінскім нацыянальным руху.

На думку сваячкі Одрача Марыі Шаламіцкай, трэба судзіць па рэальных справах. У сваіх творах пісьменнік назаўжды ўвекавечыў Пінск. Кнігі пераведзеныя і выдадзеныя на ангельскай мове, таму многія грамадзяне ЗША і Канады даведваюцца пра гэты беларускі куточак:

–   Чытаю і перачытваю яго кнігі пра Палессе. Я як чытач удзячна яму за тое, што ён увекавечыў – не пабаюся гэтага слова – памяць пра нашае Палессе. Гэта і разлівы, і нашыя балоты, і нашыя рэкі, гэта і прыгажосць палескіх людзей, іх асаблівасці.

Фёдар Одрач нарадзіўся ў Мясяцічах, што ў Пінскім раёне. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, дзе меў стасункі з такімі літаратарамі, як Максім Танк. Працаваў настаўнікам на Піншчыне і рэдактарам газеты ў Ковелі. Пасля 1944 году выехаў у Канаду, дзе і пахаваны.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота аўтара