Вітаўт Мартыненка: Сам пішу – сам гандлюю!
Вядомага ў 90-х музычнага рок-аглядальніка газеты “Чырвоная змена”, цяпер пенсіянера, Вітаўта Мартыненку сёння можна ўбачыць ў дзіцячым парку імя Горкага, дзе ён саматугам гандлюе выкупленымі ў выдавецтва “Мэдзісонт” уласнымі кнігамі – “Rоck on line”(наклад 500 асобнікаў) і энцыклапедыяй “222 альбомы беларускага рока і не толькі” (7 тысяч! ). Чаму вымушаны займацца гэтым сам аўтар? Я спыніўся ля яго “гандлёвай лаўкі”.
РР: Калі ты сам стаў прадаваць свае кнігі і чаму?
Вітаўт Мартыненка: Цяпер шмат пісьменнікаў скардзяцца, што ніхто не купляе выдадзеных імі кніг. Нібы, самы просты шлях – прыйсці ў краму альбо абласны кнігагандаль і ў цябе іх бяруць на рэалізацыю. Далі і мае ў кнігарні, прыяжджалі прыватныя распаўсюднікі. Але заходжу неяк у “Акадэмкнігу” і прашу паказаць сваю, “у зялёненькім пераплёце”, бо нешта няма на паліцах. Прадавачка адказвае – “НЕТУ!” Дык я магу атрымаць свае “тры капейкі”? Доўга корпалася і знайшла ў нейкай шуфлядзе асобнікі кніг, якія дзесьці закінулі і не выставілі на продаж! Яна там доўга валялася і абясцэнілася. Калі друкарні заплацілі за яе тры даляры, я мушу атрымаць адзін даляр. А калі ляжыць плюс 30 % аднаго падатку, другога, убачыў, што сучасная сістэма кнігагандлю не працуе, з аўтарамі ніяк не звязаная. Вырашыў пайсці, як той казаў, “іншым шляхам”. Мне пашанцавала. Я хаджу на ўсе палітычныя акцыі і дэманстрацыі. Узяў колькі год таму на 25 сакавіка пачак з 20 кніг і, ня гледзячы на кпіны сяброў…усе да адной іх там рэалізаваў! Увогуле, стаў займацца гэтым на канцэртах, фэстах дзе масавае збіранне людзей…
РР: А як ты атрымаў кнігі для продажу?
Вітаўт Мартыненка: Заплаціў за ўвесь наклад і мне яго прывезлі дахаты. Былі канцэрты, калі не хапала і пачкі – размяталі! Праўда, не атрымалася ў двух выпадках. У клубах – там падыходзілі адміністратары і патрабавалі “свае” 10 %. Але людзі б таксама не бралі па звышкоштах. А на афіцыйных святах выйшла “палітычная” няўвязка. У Лошыцкім парку, да прыкладу, некалі памерлая Арына Вячорка ладзіла цудоўнейшыя Купаллі. Падышоў сёлета, думаючы, што традыцыі захаваліся. Аж надпіс быў па-расейску – “КУПАЛЬЕ!” Прыгналі дзетак з крыкамі – “не наступайце адно аднаму на пяткі!” Спявалі чамусьці песні пра БРСМ. А да мяне падбегла фіфа-адміністратарка – “а што эта за несанкцыаніраваная гандлёвая точка? Вам нада зарегестрироваться в идеологической камисии гориспалкома!” Адказваю – “я з богам узгадніў! Бо пра сапраўднае Купалле ёсць толькі на вашым “свяце” ў гэтых кнігах! А калі хочаце ўбачыць, дзе яны ўзгодненыя, схадзіце ў Нацыянальную і “прэзідэнцкую” бібліятэку, дзе яны ўключаныя ў фонд! Стала, аднак, брыдка, сеў у аўтобус і з’ехаў…
РР: І пасля гэтага я сустрэў цябе ў парку Горкага?
Вітаўт Мартыненка: Увогуле, еду на любое свята, дзе вольны доступ. У мінулыя выхадныя таксама пашанцавала. Кнігі купілі ў мяне нейкія эстонкі, што гаварылі на ломаным рускім, але ім прыемна было пабачыць праявы нацыянальнага беларускага. Яны сталі здымаць мяне на тэлекамеру і гэтым зацікавілі тых, хто адпачываў. Хутка выбудавалася і чарга за маімі кніжкамі. І сёння я ізноў тут…
Вітаўт Мартыненка паведаміў пры канцы, што ў яго “загашніку” яшчэ засталося 100 асобнікаў “Rock on line” ды паўдзесятка рок-энцыклапедыі. Так што на бліжэйшых маладзёвых тусоўках – ад джазавай у Верхнім горадзе да “Рока па вакацыях” ён будзе сумяшчаць у сабе гледача ды гандляра.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск