Спорт як альтэрнатыва наркотыкам
Альтэрнатыва наркотыкам можа быць толькі на рэальных справах, а не на словах, перакананы пінскі прадпрымальнік Віктар Кахноіч. Наркабізнесоўцы шукаюць розныя магчымасці, каб зрабіць маладзёнаў нарказалежнымі і мець на іх уплыў – замацоўваюцца ў сеціве, аб’язджаюць аддаленую перыферыю, зацягваюць да супрацы беспрацоўных юнакоў.
Таму пінскі бізнесовец вырашыў арганізаваць для вясковай моладзі Піншчыны культурна-спартовыя мерапрыемствы. Менавіта сельская моладзь амаль не мае альтэрнатывы чым заняцца ў вольны час. Акцыя ўжо падыходзіць да завяршэння, але на восень чакаецца працяг. На думку бізнесоўца, гэта невялічкі ўнёсак у будучае нацыі:
– Спорт – гэта здароўе нацыі. З гэтага і трэба зыходзіць. Неабходна выкарыстоўваць любыя сродкі, каб падвышаць гэтую працу. Здаровая нацыя – гэта здаровая дзяржава, здаровыя дзеці і будучае нашай краіны. Таму, калі мы будзем у гэтым кірунку і далей працаваць, то мы адназначна даб’ёмся пэўных поспехаў.
Такую рэакцыю ў прадпрымальніка выклікалі жудасныя выпадкі з ужываннем сінтэтычных наркотыкаў у Гомелі і Менску, а таксама ўзрастанне нарказалежных у родным рэгіёне. У самім Пінску летась мясцовыя ўлады абвесцілі вайну наркагандлю і паабяцалі за некалькі год знішчыць гэтую з’яву.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя