Павел Севярынец: Як можна ўдзельнічаць у тым, чаго няма?



Заўтра заканчваецца тэрмін фармавання ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты, у чацвер – іх рэгістрацыя ў Цэнтрвыбаркаме.

Павел Севярынец

Сустаршыня БХД Павел Севярынец зрабіў напярэдадні некалькі гучных заяў. У прыватнасці, што апазіцыйныя кандыдаты, якія ідуць на выбары, гуляюць на руку Лукашэнкі, а расейская пагроза нашмат важней, чым дэкаратыўная прэзідэнцкая кампанія:

– Прэзідэнцкая кампанія дэкаратыўная ўжо хаця б таму, што ў турме знаходзіцца кандыдат з мінулых прэзідэнцкіх выбараў, хаця б таму, што мы ведаем, хто праводзіць гэтую кампанію – гэта Лідзія Ярмошына, той самы чалавек, які забяспечваў элегантны спектакль для Лукашэнкі апошнія 20 гадоў. Як можна ўдзельнічаць у тым, чаго няма? Таму безумоўна гэтая кампанія фармальная, юрыдычнага значэння яна не мае. Палітычнае значэнне ў ёй ёсць, але яно заключаецца ў тым, як павядуць сябе дэмакратычныя сілы, як павядзе сябе беларускі народ.

Павел Севярынец уваходзіць у ініцыятыўную групу па абранню кандыдатам у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і кажа, што ў выпадку яе нерэгістрацыі праца па вызваленню ўсіх палітвязняў будзе працягнутая.

Беларускае Радыё Рацыя