Праваабаронца Леанід Судаленка задаў падаткавікам два пытанні



Падатковая інспекцыя Савецкага раёну Гомеля адмовілася ад свайго патрабавання атрымаць дэкларацыю аб даходах і маёмасці гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі.

Адначасова падаткавая інспекцыя адмовілася рассакрэціць дзяржаўны орган, паводле патрабавання якога ўжо звыш 15-ці гадоў не пакідае праваабаронцу ў спакоі. Пра гэта пісьмова паведаміў намеснік начальніка інспекцыі Андрэй Сінюкевіч.

sudalenka1

Леанід Судаленка мусіў даць справаздачу пра свае прыбыткі і маёмасць за апошнія тры гады, як гэтага патрабавалі падаткавікі:

 – Зараз яны прапаноўваюць мне справаздачыцца за тры гады – 2012, 2013, 2014 год. Яны нават не прапаноўваюць, яны патрабуюць. У мяне, у праваабаронцы, падатковая гэта ўжо 15 гадоў патрабуе. Як толькі я атрымаў патрабаванне, я звярнўся да начальніка падатковай з заявай, дзе задаў два пытанні. Па-першае, чаму ў мяне патрабуюць не па месцы жыхарства? А па-другое: па распараджэнні якога дзяржаўнага органа яны ў мяне патрабуюць? 

Намеснік начальніка інспекцыі Андрэй Сінюкевіч адказаў, што раней выстаўленае патрабаванне адменена, бо інспекцыя не ведала пра змену месца жыхарства праваабаронцы. А вось інфармацыю, па даручэнні якога дзяржаўнага органа падатковая патрабавала дэкларацыю, рассакрэціць адмовіўся. Леанід Судаленка з высновай падаткавікоў не згодны і мае намер усё ж атрымаць гэтую інфармацыю, калі спатрэбіцца – то і праз суд.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя