У межах праекту “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні”



Дзеля фінансавання шасці дзясяткаў мясцовых ініцыятываў на Гарадзеншчыне Еўразвяз і ПРА ААН выдаткоўваюць 950 тысяч еўра ў межах праекту “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Да канца ліпеня стануць вядомыя ўладальнікі грантаў, памер якіх складзе ад 10 – да 30 тысяч еўра. Праект арыентаваны на развіццё ўзаемадзеяння паміж уладай, грамадскімі інстытутамі і насельніцтвам у вырашэнні мясцовых праблем. Падобная супраца па словах намесніка старшыні грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турыстычна-спартовы саюз” Сяргея Каляды прыносіць вялікі плён для рэгіёну:

– Адкуль грошы? Гэта не дзяржаўныя грошы. Гэта грошы праекта Міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Гэта праекты Польшча-Беларусь-Україна і Літва-Латвія-Беларусь. Працуе амерыканскі праект па агратурыстыцы. Нямецкі ёсць зараз праект. Ёсць невялікі балтыйскі праект. На гэтыя праекты мы са сваімі калегамі падаем заяўкі. Калі выйгрываем, то адтуль і з’яўляюцца грошы.

Прыярытэтнымі для атрымання грантаў з’яўляюцца такія накірункі, як садзейнічанне развіццю прадпрымальніцтва і падтрымка прыродаахоўнай дзейнасці. Вітаюцца праекты ў сферы сацыяльных паслугаў і развіцця культуры, спорта і турызму, а таксама ў сферы мясцовага самакіравання і прасоўванне дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота t-styl.info