У Маладэчне п’яны бацька напаў з нажом на дачку



У Маладэчне мужчына ўдарыў нажом 19-гадовую дачку, якая хацела абараніць маці ад збівання.

Як паведамляе УУС Менаблвыканкама, 11 ліпеня ў 14.45 у Маладэчанскі РАУС патэлефанаваў вадзіцель хуткай медыцынскай дапамогі і паведаміў, што затрымаў дэбашыра, які нанёс сваёй дачцэ нажавое раненне. Следча-аператыўная група, якая прыбыла на месца здарэння ў кватэру па вуліцы Ясінскага, затрымала мужчыну, які знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення.

Паводле папярэдніх даных, яшчэ з раніцы гаспадар сямейства, які нідзе не працуе, пачаў выпіваць. У нейкі момант у адказ на заўвагу жонкі мужчына раззлаваўся і паспрабаваў збіць жанчыну. Яго дачка, 19-гадовая студэнтка медыцынскага каледжа, стала абараняць маці. Раз’юшаны мужчына схапіўся за нож і прыгразіў дачцэ забойствам. Пасля моцных спрэчак мужчына нанёс дзяўчыне ўдар нажом у грудзі.

Параненая дзяўчына і яе маці выбеглі на лесвічную клетку і сталі стукацца да суседзяў. На шчасце, іх хутка ўпусцілі да сябе знаёмыя, якія тэрмінова выклікалі хуткую дапамогу. Аднак п’яны злачынца не спыніўся і працягваў праследаваць сваіх ахвяр, спрабуючы выламаць дзверы і пагражаючы.

Калі пад’ехалі медыкі, злачынца зразумеў, што на пад’ездзе і супрацоўнікі міліцыі, пасля чаго паспрабаваў уцячы. Вадзіцель машыны хуткай дапамогі ўбачыў нецвярозага мужчыну, што выбягаў з пад’езда. Ён знаходзіўся яўна ў неадэкватным стане. Вадзіцель не спалохаўся і, нягледзячы на моцнае супраціўленне зламысніка, затрымаў яго. Супрацоўнікі міліцыі даставілі дэбашыра ў райаддзел.

Маладэчанскім РАСК у дачыненні да затрыманага распачата крымінальная справа за замах на забойства. Цяпер дзяўчына знаходзіцца ў цэнтральнай раённай бальніцы. Урачы ацэньваюць яе стан як здавальняючы.

belapan.by