Адпіска з Апарата Савета Міністраў



Каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя са Слоніма Іван Бедка атрымаў адказ з апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на калектыўны зварот жыхароў Слонімскага раёна.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У адказе за подпісам начальніка аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Л.І. Астроўскай паведамляецца, што зварот у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь атрыманы 9 ліпеня 2015 года накіраваны для разгляду ў Гродзенскі аблвыканкам. “Дзіўна, – сказаў нашаму карэспандэнту Іван Бедка, – бо на звароце паведамлялася, што ён высланы ў Савет Міністраў, Адміністрацыю прэзідэнта, Гарадзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам. Дык тады навошта Апарату Савета Міністраў перасылаць зварот у той жа Гарадзенскі аблвыканкам? Гэта проста чарговая адпіска Апарата Савета Мінстраў”.

odpiska

Нагадаем, што ў панядзелак, 6 ліпеня, Іван Бедка адправіў у адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Савет міністраў Беларусі, у Гарадзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам больш за 200 подпісаў слонімцаў супраць дэкрэту пра дармаедства і за стварэнне працоўных месцаў з годнымі заробкамі ў Слоніме. Подпісы сабралі сябры грамадскай ініцыятывы “Народны кантроль” і проста слонімцы.

У калектыўным звароце паведамлялася, што ў Слонімскім раёне ўтварылася крытычная сітуацыя з працаўладкаваннем. Прадпрыемствы развальваюцца, масава скарочваюцца працоўныя месцы. Складаная сітуацыя з прадпрымальнікамі, якія ўрэшце папоўняць шэрагі беспрацоўных. Тым, хто зарабляў на жыццё ў Расеі, ехаць туды ў большасці сваёй, не мае сэнсу: у сувязі з крызісам не заробіш. З-за штодзённага росту цэн большасць грамадзян знаходзіцца на мяжы выжывання.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.