Страўнікава-кішэчная палітыка
Памятаю, калісьці адзін ідэолаг сказаў на сустрэчы з народам: „Нашыя людзі сталі жыць багацей. Вы толькі паглядзіце, колькі выкінутых унітазаў на сметніках!”. Дагэтуль здзіўляюся, як гэта яшчэ ідэолаг не прывёў у якасці доказу дабрабыту людзей колькасць літраў той вадкасці, якая паступае ў каналізацыю. Не ведаю, як склаўся лёс таго ідэолага, але страўнікава-фекальная тэма дагэтуль жыве.
У аднаго з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты лозунг улётак гучыць наступным чынам: „Я за тое, каб вы не саромеліся паказваць свае лядоўні”. Добра, што не ўнітазы. Хаця лозунг „Я за тое, каб вы не саромеліся паказваць свае ўнітазы” запомніўся б многім. У плане пазнавальнасці гэта было б нават лепей, чым пра лядоўні. А якія б скандальныя можна было б ролікі здымаць. „Будзь смелым! Не саромся паказваць свае ўнітазы”. Ці, напрыклад: „Беларусы – вельмі адкрытыя і шчырыя людзі. Мы не баімся паказваць свае ўнітазы”. Ну, і зразумела, сімвал палітычнай кампаніі тады б быў унітаз.
Добра, што на выбары не збіраецца ісці які-небудзь пластычны хірург. Тады б лозунгі на ўлётках былі: „Я за тое, каб вы не саромеліся паказваць свае насы”. Альбо, калі б на выбары ішоў трэнер па фітнэсе: „Я хачу, каб вам не было сорамна паказваць свае жываты”.
А калі сур’ёзна, то вельмі шкада, што такія сур’ёзныя для Беларусі пытанні, як адсутнасць рэформаў, кепская экалогія, праблемы ў іміджы краіны, падмяняюцца страўнікава-кішэчнымі тэмамі.