Завяршылася падача дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп



ЦВК прыняў да рэгістрацыі дакументы трынаццаці ініцыятыўных груп. У прыватнасці, былі прынятыя дакументы ў ініцыятыўных груп дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, старшыні Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Сяргея Калякіна, лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДПБ) Сяргея Гайдукевіча, бізнэсмэна Андрэя Канаўца, актывісткі грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду” Таццяны Караткевіч, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, экс-кандыдата ў прэзідэнты кампаніі 2010 года Мікалая Статкевіча (адбывае пакаранне ў турме), Жанны Раманоўскай, Ірыны Першынай, Сяргея Заблоцкага, Тамары Біруковай і эканаміста Віктара Цярэшчанкі.

У пятніцу ЦВК зарэгістраваў тры ініцыятыўныя групы А.Лукашэнкі, С.Калякіна і С.Гайдукевіча. Рашэнне па астатніх будзе прынята на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама ў панядзелак, паведамляе interfax.by.

Пасля абвяшчэння рашэння ЦВК, зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у прэзідэнты з 23 ліпеня могуць прыступіць да збору подпісаў у іх падтрымку, які працягнецца па 21 жніўня ўключна. Для таго, каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разоў за аднаго прэтэндэнта.

Падача дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп завяршылася у 19:00 пятніцы.

Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка.

Фота telegraf.by