Вандроўка па зямлі Міхала Валовіча



Разам з пісьменнікам Уладзімірам Ягоўдзікам вырашылі ажыццявіць вандроўку па былой зямлі аднаго з кіраўнікоў паўстання 1830-1833 гадоў на Беларусі Міхала Валовіча. Гэта наша слонімская зямля – радзіма Міхала Валовіча, радзіма Уладзіміра Ягоўдзіка і мая радзіма.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Любіў сваю Слонімшчыну і свой маёнтак Парэчча Міхал Валовіч, не менш, чым любім яе сёння мы. Але бяда ў тым, што мы рэдка наведваем родныя вёскі, якія яшчэ жывуць, дзякуючы пенсіянерам, якіх становіцца менш і менш.

Сваю вандроўку мы распачалі з Парэчча, наведалі мемарыяльны знак Міхалу Валовічу, а таксама мясцовую царкву на беразе Шчары. Некалі Валовічы пабудавалі там з дрэва ўніяцкі храм, але ў 1842 годзе ён згарэў. Потым на месцы згарэлага храма быў пабудаваны новы ўніяцкі з камення і цэглы. Але ішоў час і гэты храм забралі сабе праваслаўныя вернікі, а потым у другой палове ХХ стагоддзя ён ператварыўся ў калгасны склад. І толькі ў 1990-х гадах будынак храма быў вернуты праваслаўнай царкве і зараз яна амаль адбудавана па-новаму. Дзесьці на могілках каля царквы некалі знаходзілася магіла Валовіча, але бальшавікі яе зраўнялі з зямлёй. “Пасля Францыі, Міхал Валовіч вярнуўся на Бацькаўшчыну, бо не змог жыць на чужбіне. “Кліча Айчына – не магу без яе”, –казаў Міхал. І ён вярнуўся, хаця ведаў, што яго чакае наперадзе”, – пачаў распавядаць Уладзімір Ягоўдзік.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Мы пастаялі каля мемарыяльнага знака Валовічу, потым наведалі царкву на высокім беразе Шчары і рушылі далей.

За Парэччам асфальтная дарога прывяла нас у вёскі Задвор’е і Бабынічы. Калі ў Задвор’і яшчэ сустракаліся новыя сучасныя будынкі, дзе вяскоўкі нават трымаюць пэўную гаспадарку: кароў, свіней, курэй, то ў вёсцы Бабынічы мы ўбачылі зусім іншы малюнак. Дзясяткі апусцелых хат, зараслі крапівой і асотам агароды, сям там з хатаў павыходзілі людзі, каб пагутарыць з намі і расказаць пра тое, што жыць ім у вёсцы сёння вельмі сумна. Ёсць у Бабынічах і людзі з прозвішчамі Ўласік. Амаль усе яны далёкія сваякі таго самага генерала Мікалая Ўласіка, які быў родам з Бабынічаў, і 20 гадоў з’яўляўся галоўным целаахоўнікам Сталіна. Задвор’е і Бабыніча – гэта таксама былая зямля Валовічаў. Адзін з вяскоўцаў-землякоў  у XIX стагоддзі змагаўся за волю сялян і за незалежнасць Бацькаўшчыны ад маскалёў, другі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя служыў сталінскаму рэжыму.

Едзем далей. І раптам, пад’язджаючы да вёскі Ніз, здалёк бачым мемарыяльны знак. У гады Другой сусветнай вайны гітлераўцы расстралялі 296 чалавек, а вёску з 56 двароў спалілі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Пры Валовічу вёска Ніз уваходзіла ў склад двух маёнткаў: Босяч і Гальвідава. Паводле перапісу 1897 года, вёска налічвала 44 двары і 299 жыхароў, там працавала школа граматы, кузня. Цяпер у Нізах ніякіх школ, крамаў, кузняў няма, дый жыхароў каля двух дзясяткаў.

Пасля Нізоў едзем у вёску Едначы. Едучы, Уладзімір Ягоўдзік прыгадвае верш Алеся Пісьмянкова, прысвечаны Едначам і асабіста яму:

Сонца заходзіць – вогнішча ўсходзіць,

Свеціць ласкава ўначы.

Усё-такі добра, Валодзя,

Што ёсць на зямлі Едначы.

Ёсць бераг зялёны. Жаданая лодка.

Ёсць горкая кропля. І яснасць святла.

І песня гаючая продкаў

Балюча ў душы прарасла.

І звонка ў крыві затрымцела,

Каб некалі ў нашых нашчадках ажыць –

Світальна ў стагоддзях кружыць,

Крылы расправіўшы смела.

Больш, здаецца, пра Едначы і не скажаш, і не напішаш. Таму наша машына бяжыць далей у вёску Голі. Спыняемся на мясцовых могілках, дзе шмат пахавана людзей з прозвішчамі Ягоўдзік. Амаль усе яны сваякі нашага пісьменніка. Ёсць там і магіла мясцовага юнака Анатоля Скока, які 23 чэрвеня 1986 года загінуў у Афганістане.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Пасля Голяў нас сустракае вёска Кастровічы – радзіма Уладзіміра Ягоўдзіка. Тут ён нарадзіўся, тут прайшло яго маленства, тут на мясцовых могілках пахавана яго маці, бабуля і дзядуля. І хата яшчэ захавалася, але там даўно ўжо жывуць іншыя людзі.

Пасля могілак ціха рухаемся па вуліцах Кастровіч і раптам Уладзімір пазнае маміных сябровак, якія сядзелі на вясковай лаўцы. Спыняем машыну. Ён выходзіць з яе і жанчыны са слязамі на вачах абдымаюць  сына іх былой сяброўкі Веры. Доўга менскі літаратар сядзеў на лаўцы з жанчынамі і прыгадваў тых, каго ўжо няма ў Кастровічах…

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У Слонім вярталіся прыцемкам. Па дарозе Уладзімір сказаў, што з Кастровічаў пачынаецца род Кастравіцкіх, з гэтага роду выйшлі беларускі паэт Карусь Каганец і класік французскай паэзіі Гіём Апалінэр. А яшчэ мы разважалі, што былая зямля Міхала Валовіча, сапраўды, багатая на мужных, таленавітых і працавітых людзей, пра якіх можна бясконца пісаць сотні кніг і здымаць фільмы.

[Not a valid template]

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара