Падхопленыя хваляй



Быў у мяне аднакурснік, назавём яго N. Жылі мы ў адным пакоі ў студэнцкім інтэрнаце. Займаўся ён на аддзяленні жывапісу, але маляваць яго асабліва не цягнула. У асноўным ён сядзеў у пакоі з нязменнай бутэлькай піва ў руках. Маўклівы такі, бяскрыўдны, неяк смешна цыкаў зубам. Асабліва яму не давалася нямецкая мова. То ён, бывала, проста зубрыў напамяць кароткія тэксты, не разумеючы зместу. Ужо значна пазней я апавядаў пра гэта аднаму мастаку. Той кажа — ён і на сваёй роднай літоўскай няшмат здольны сказаць. Тым не меньш N быў пакінуты ў альма матэр выкладчыкам. А неўзабаве на адной прэстыжнай выставе можна было бачыць ягоны твор. Гэта было вялікае, метры два на два, палатно,зафарбаванае ў кальсонна – ружовы колер. А пасярэдзіне прымацавана белая сілікатная цэгла. І ўсё. Праз пэўны час, ужо на міжнароднай выставе, можна было пацешыць вока іншым творам нашага сябра — вялікім аркушам упаковачнага кардону, на які было прылеплена мноства піўных корачкаў. Відаць, аўтар застаўся верны пеністаму напою. А зусім нядаўна я гартаў шыкоўны альбом, прысвечаны сучаснаму літоўскаму жывапісу. Быў там і твор майго былога калегі — да палатна прымацавана рыдлёўка, абведзеная пункцірам. На здымку можна пабачыць аўтара, саліднага дзядзьку, ужо прафесара Літоўскай Акадэміі мастацтваў.

І яшчэ адзін персанаж, не меньш цікавы. Імя не варта замоўчваць, бо гэта — адзін з самых – самых вядомых у свеце літоўскіх мастакоў, гонар краіны, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Літвы ў галіне мастацтва 2008 года. Дэймантас Наркявічус. Вы правільна здагадаліся — ягонае імя і значыць „дыямент”. Неяк я сутыкнуўся з ім на выставе. Геніяльнасць патыхала ад яго за вярсту, ён нікога не заўважаў наўкола. Побач з такім здаешся сабе нікчэмнай, марнай, кузуркай… „Дыямент” паводле адукацыі — скульптар. Але скульптура справа працаёмкая, брудная, таму чалавецтва не бачыла скульптур гэтага аўтара. Творы ж ягоныя выглядаюць наступным чынам. Уявіце сабе чатырохкрылы вентылятар. У нашай раённай сталоўцы такі круціўся летам пад столлю, дарэмна намагаючыся разагнаць задуху, змешаную з водарам, які распаўсюджвалі „сутачныя шчы” ды шніцалі з катлетамі. Дык вось, да аднаго крыла гэткага вентылятара непераўзыдзены Дэймантас прычапіў за шнурок звычайны чаравік. І матляецца той сабе, а гледачы з павагай гэта назіраюць, прыкідваючыся, што разумеюць геніяльную задумку аўтара. Іншы твор такі — вентылятар гэтым разам стаячы, з сеткай. А перад ім да столі прылеплены абрывак магнітафоннай стужкі, якая гарэзліва вібруе пад ветрыкам. Шэдэўры дэманстраваліся, здаецца, у Цэнтры Пампіду ў Парыжы, на Венецыянскай Біенале, і яшчэ чорт ведае дзе. Вядома ж, і ў Вільні.

Цяпер яму й гэта надакучыла.Стаў здымаць кароткія дакументальныя фільмы, у якіх адважна і бескапрамісна выкрывае савецкі лад жыцця. Вельмі хлебны занятак. І думаеш — што ж гэта за такая хваля, што выносіць наверх нікчэмнасці, у той час як дзясяткі, а мо й сотні сапраўдных талентаў, як той жа Ван Гог, ці наш Драздовіч, так і канчаюць свае дні ў галечы…

Ды ці ж толькі ў мастацтве так? Вось, напрыклад, пару дзесяцігоддзяў таму назад з’явіўся на палітычнай сцэне нехлямяжы чалавечак з недарэчнай фрызурай і калгасным мінулым. Калегі – палітыкі глядзелі на яго з паблажлівай усмешкай. Хто б мог падумаць тады, што гэта асоба стане кіраваць краінай не проста дзесяцігоддзі, а, як цяпер становіцца зразумела, пажыццёва. Мяркуючы па жалезабетонным здароўі, гадоў на 15 – 20 яго яшчэ хопіць. А тыя палітыкі, што неабачліва ўхмыляліся, проста зніклі. Літаральна.

А непрыкметны, шэры як моль, чалавечак, што сціпла насіў за сваім начальнікам Анатолем Сабчаком партфелік? Цяпер жа цэлы свет ломіць галаву, як з ім справіцца! Хто гэта ўсё растлумачыць, які філосаф, ці мудрэц?

Няма адказу…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ