Фішкі мінулага тыдня
Падымі мяне па-над зямлёю, падымі мяне ў светлы абшар… Перыядычна так хочацца вырвацца, закінуць усе справы ды ў неба паляцець!
На прамінулых выходных жыхары і госці Менска мелі шанец пабачыць шмат паветраных шароў у небе беларускай сталіцы. Прайшоў фестываль авіяцыйнага спорту “Мірнае неба”.
Можна было паслухаць таксама класічны канцэрт ля менскай ратушы… Ці з’ехаць з Менска далёка-далёка на “Басовішча”… Шанец паўдзельнічаць у розных цікавых праектах – гэта заўжды здорава, і ён заўжды ёсць.
Адным з такіх цікавых праектаў быў і фестываль праваслаўнай моладзі. Менская епархія ладзіць фэст ужо чацверты раз, але ўпершыню ён прайшоў у такім экзатычным месцы. На “Лініі Сталіна”. Пэўна, гэта як раз той чалавек, якога могуць піярыць беларусы, асабліва беларусы-вернікі.
На Віцебшчыне тым часам прайшлі “апалітычныя” ягадныя фэсты – “Полацкія чарніцы” і глыбоцкі “Вішнёвы фэст”. Такія мерапрыемствы ўжо сталі беларускай традыцыяй.
Між тым, наперадзе ў нас падзея, да якой нельга не ставіцца сур’ёзна, але і сур’ёзна – немагчыма. Стаміліся. Прэзідэнцкія выбары. Ужо тузін прэтэндэнтаў заявілі пра жаданне паўдзельнічаць у працэсе. У пачатку тыдня даведаемся, колькі ж ініцыятыўных групаў зарэгіструе наш паважаны Цэнтрвыбаркам. Дакладна вядома, што ката, якога жартам спрабаваў зарэгістраваць адзін журналіст, ухвалілі, ды не прынялі ў пачэсную кампанію.
Думаецца, аптымальным кандыдатам у прэзідэнты (а потым і прэзідэнтам!) стаў бы чалавек, якому трэба няшмат часу на сон. Эканамічна, лагічна, прадуктыўна… Вось і амерыканскія навукоўцы растлумачылі, чаму некаторыя людзі могуць паспаць 4-5 гадзін і прачнуцца цалкам бадзёрымі. Фішка ў генах, дакладней, у мутацыі гена DEC2. Людзі з такой мутацыяй высыпаюцца значна хутчэй. Зрэшты, большасці беларусаў цяпер не да геннай інжынерыі ці леднікоў на Плутоне (таксама падзеі прамінулага тыдня).