Чаму беларусы пазбаўляюцца ад рублёвых дэпазітаў?
Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб патлумачыў, чаму беларусы не хочуць захоўваць зберажэнні ў нацыянальнай валюце.
На 1 ліпеня тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва склалі 34,29 трлн. рублёў, на 1 чэрвеня – 35,04 трлн. Такім чынам, у чэрвені з улікам капіталізацыі адсоткаў тэрміновыя рублёвыя ўклады беларусаў скраціліся прыкладна на 750 млрд. рублёў.
Вадзім Іосуб: Такая сітуацыя выклікана зніжэннем працэнтных ставак па тэрміновых дэпазітах, якое праводзіць Нацбанк адміністрацыйнымі мерамі ў выглядзе рэкамендацый да камерцыйных банкаў. Зараз працэнтныя стаўкі па доўгатэрміновых дэпазітах павінны быць не больш за 35 адсоткаў гадавых, па кароткатэрміновых – не больш 25-26 адсоткаў. Улічваючы высокі ўзровень дэвальвацыйных чаканняў насельніцтва, такое зніжэнне ставак прымушае (па меншай меры, частку ўкладчыкаў) адмаўляцца ад захоўвання грошай на рублёвых дэпазітах і канверціраваць іх у валюту.
РР: Ці працягнецца гэтая тэндэнцыя?
Вадзім Іосуб: Думаю, самыя нервовыя ўкладчыкі свае рублі ўжо забралі з банкаў. Хоць, мяркую, Нацбанк бачыць, што адбываецца і ў бліжэйшчы час стаўкі па рублёвых дэпазітах наўрад ці будуць зніжацца. У выніку дынаміка ўкладаў будзе прыкладна каля нуля. Сітуацыя можа змяніцца, калі Нацбанк вырашыць і далей зніжаць працэнтныя стаўкі.
РР: Наколькі рызыкуюць тыя людзі, якія вырашылі ўсё-такі захоўваць зберажэнні ў рублях?
Вадзім Іосуб: На мой суб’ектыўны погляд, да канца года захоўваць грошы на рублёвых дэпазітах пад 30 працэнтаў гадавых і вышэй застаецца больш прыбытковым. Але нейкія нечаканыя крокі ўладаў, пасля якіх можа пачацца паскарэнне зніжэнне курса беларускага рубля, могуць унесці карэктывы ў сітуацыю.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя