Марына Адамовіч: Мы не збіраемся распускаць ініцыятыўную групу
Сёння апоўдні стала вядома, якія ініцыятыўныя групы магчымых кандыдатаў у прэзідэнты зарэгістраваныя на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама. З 14 прэтэндэнтаў, што заявілі пра жаданне ўзяць удзел у выбарах, права збіраць 100 тысяч подпісаў атрымалі “брыгады” Таццяны Караткевіч, Анатоля Лябедзькі, Жаны Раманоўскай, Мікалая Улаховіча. Напярэдадні былі зарэгістраваныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча.
Кажа старшыня незарэгістраванай ініцыятыўнай групы па вылучэнні палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч:
– Мы будзем выкарыстоўваць усе легальныя мажлівасці, прынамсі, наступным нашым крокам будзе абскарджванне гэтага рашэння ў Вярхоўным Судзе. Мы не збіраемся распускаць ініцыятыўную групу, улічывючы тое, што воля людзей была выяўлена і персанальна, і палітычных і грамадскіх структур. Таму мы спадзяемся, што яднанне, якое ўтварылася, не будзе так проста змарнаванае. Гэта і акцыі пратэсту, і збор подпісаў за вызваленне палітвязняў, і зварот да беларускай і міжнароднай супольнасці з нагоды прызнання, ці непрызнання гэтай кампаніі, і, безумоўна, нейкая інфармацыйная кампанія.
Збор подпісаў за будучых кандыдатаў будзе праходзіць з 23 ліпеня па 21 жніўня. Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе з 6 па 15 верасня. Самі выбары пройдуць 11 кастрычніка.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя