Сяргея Гоўшу не пусцілі на паседжанне па стварэнні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі
Прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Сяргей Гоўша не быў дапушчаны на паседжанне прэзідыума Баранавіцкага раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта па стварэнні раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Чыноўнікі спаслаліся на артыкул 34 Выбарчага кодэкса, у якім сказана, што прысутнічаць прадстаўнікам грамадскіх арганізацый на паседжэнні па стварэнні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі нельга, калі яны не вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчай камісіі. Але Гоўша з гэтым не пагадзіўся:
– Гэта ў Выбарчым кодэксе, у артыкуле 34. А зварот напісаны ад БХК на падставе Закона аб мясцовым самакіраванні. Там як раз дапускаецца прадстаўнікам партый і асобам прысутнічаць на пасяджэннях мясцовай улады.
Сяргей Гоўша лічыць, што ўладзе ёсць што хаваць. А прадстаўнікі апазіцыі – гэта лішнія і непатрэбныя сведкі так бы мовіць фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія ўжо сфармаваны па шаблону мінулых выбараў.
Беларускае Радыё Рацыя