Зварот да сяброў ініцыятыўнай групы па вылучэнні Статкевіча



statkevich_2015_1024_01

Шаноўныя сябры!

Ад імя Мікалая Статкевіча і аргкамітэта ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь дзякуем кожнаму, хто знайшоў у сабе мужнасць далучыцца да нашай кампаніі „Без вызвалення кандыдата ў прэзідэнты на мінулых выбарах Мікалая Статкевіча і ўсіх беларускіх палітвязняў і поўнага аднаўлення іх у правах ніякія выбары ў Беларусі не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі”.

Вашае ўваходжанне ў склад ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь выклікае захапленне. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыма вы такім чынам прадэманстравалі салідарнасць з Мікалаем Статкевічам і беларускімі палітвязнямі Ігарам Аліневічам, Мікалаем Дзядком, Яўгенам Васьковічам, Арцёмам Пракапенка і Юрыем Рубцовым, праваабаронцамі Андрэем Бандарэнка і Міхаілам Жамчужным.

Ваш учынак мае самыя станоўчыя наступствы для будучыні беларускага народа, які атрымаў урок і прыклад мужнасці, грамадзянскай адказнасці і салідарнасці з барацьбітамі за свабоду ў Беларусі.

Асаблівую моц нашым супольным дзеянням надае тое, што ў ініцыятыўную групу ўвайшлі дзесяткі прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай эліты. Гэтая кансалідацыя, а таксама падтрымка Мікалая Статкевіча шырокай кааліцыяй палітычных партый і грамадзкіх рухаў натхняе нас на далейшую барацьбу.

Сёння мы атрымалі адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Гэта незаконная адмова “вясёлага балаганчыка”, які ўзначаліў сёння Мікалай Лазавік не была для нас нечаканасцю.

Адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Мікалая Статкевіча – гэта прамое парушэнне выбарчых правоў больш за 1700 грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія ўвайшлі ў гэтую групу. Гэта чарговая спроба даць перавагу галоўнаму клоўну выбарчага фарсу.

Мы выкарыстаем ўсе легальныя сродкі для аднаўлення законнасці. Мы звяртаемся ў Вярхоўны суд са скаргай на незаконныя дзеянні чыноўнікаў з ЦВК.

Мы гатовыя да любога рашэння Вярхоўнага суда Беларусі, таму што незалежных структур ў нашай краіне няма.

Заяўляем, што працягнем сваю дзейнасць да вызвалення і поўнай рэабілітацыі апошняга палітвязня ў Беларусі.

Ініцыятыўная група адкрытая да супрацоўніцтва і да далучэння.

Мы заклікаем грамадзянаў Беларусі скарыстаць магчымасць выбару, якога іх хочуць пазбавіць, і падтрымаць Мікалая Статкевіча і ўсіх беларускіх палітвязняў.

Жыве Беларусь!

20 ліпеня 2015 года                                         г. Менск