Жэрар Дэпардзьё: Мне падабаюцца вашы жанчыны, у вас добрае малако і мяса
Французскі акцёр Жэрар Дэпардзьё, які прыбыў 21 ліпеня ў Менск, не збіраецца пераязджаць у Беларусь, але мае намер сюды вярнуцца. Пра гэта Дэпардзьё, які атрымаў у студзені 2013 года расейскі пашпарт, заявіў журналістам 22 ліпеня падчас наведвання малочна-таварнай фермы „Задомля” сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства „Азярыцкі-Агра” ў Смалявіцкім раёне Менскай вобласці.
У суправаджэнні пасла Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі акцёр, які мае рэстаранны і аграрны бізнес, азнаёміўся з працай фермы і пагутарыў з яе супрацоўнікамі.
Як паведаміў напярэдадні тэлеканал ОНТ, 66-гадовы Жэрар Дэпардзьё прыбыў у Менск з прадзюсерам будучага фільма пад рабочай назвай „Нармандыя — Нёман” (Францыя — Расея — Беларусь).
[youtube id=”UWQluGCrXes”]
„Я тут сёння, я шчаслівы, я люблю прыроду, сельскія пейзажы, спакой. Мне тут падабаецца, таму я вярнуся, — паабяцаў акцёр. — Вельмі прыгожыя жанчыны ў Беларусі, добрае малако, добрае мяса — усё, што трэба для такога бычка, як я.”
Фота з асабістага архіву Жэрара Дзепардзьё на сайце kp.by