Летняя Школа польскай мовы і культуры ў Беластоку



Вучні летняй Школы польскай мовы і культуры Pollando сустрэліся з беларускім пісьменнікам з Падляшша. Пра тонкасці суіснавання нацый, моваў і менталітэтаў на Беласточчыне маладым замежнікам распавёў Міхась Андрасюк.

Летняя школа, якая праходзіць у Беластоку, ставіць мэту пазнаёміць навучэнцаў не толькі з польскім складнікам мясцовай культуры – адзначае доктар Марэк Каханоўскі з Беластоцкага ўніверсітэта:

– Прысутнічае моладзь з краін-суседак, але таксама і з больш далёкіх краін, – такіх як Балгарыя, Азербайджан. Мне падаецца, што ім цікава пазнаёміцца з тым, хто прэзентуе нацыянальную меншасць канкрэтнага народа. Каб ён расказаў праз прызму прыналежнасці да свайго народа пра штосьці вельмі важнае, духоўнае.

Летняя Школа польскай мовы і культуры чарговы раз праходзіць у Беластоку менавіта з-за культурнага багацця і разнастайнасці рэгіёну – падкрэслівае доктар Марэк Каханоўскі.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя