У Пінску адкрыюць мемарыяльную шыльду ў гонар шлюбу Коласа
Класік беларускай літаратуры ажаніўся з настаўніцай Марыяй Каменскай у горадзе над Пінай у чэрвені 1913-га года, а праз год нарадзіўся іх першы сын Даніла. Шыльду маюць намер усталяваць каля царквы Святой вялікапакутніцы Варвары. Рэдактар часопіса “Гістарычная Брама” Аляксандр Ільін кажа, што час, калі Колас жыў у Пінску, вельмі цікавы і мала раскрыты. Сам даследчык працуе над ягоным пінскім асяроддзем:
– Працую над пінскім асяроддзем Якуба Коласа. Даволі шмат друкую матэрыялаў. Менавіта тут у той час жыў неадназначны дзеяч беларускай культуры Эдмунд Зуземіль. Ён жыў у маёнтку Гай, які мясціўся за 200 метраў ад дома, дзе здымаў кватэру Якуб Колас. Таму ў мяне не ўзнікае сумневу, што яны былі знаёмы. Зуземіль – немец па паходжанні, быў выкладчыкам у гімназіі. Паводле ўспамінаў многіх, яшчэ да рэвалюцыі ён быў нямецкім агентам.
Урачыстасці адбудуцца ў суботу, 25-га ліпеня, а 11-й гадзіне. На адкрыццё шыльды Пінскі гарвыканкам запрасіў родзічаў пісьменніка.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск