Перадзел выбарчых акругаў у Падляшскім ваяводстве



009852_800Сённяшнім суразмоўцам студыі Беларускага Радыё Рацыя ёсць кіраўнік гэтай управы, старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа.

РР: Ці можам мы, беларусы, быць задаволены такім рашэннем: новым падзелам на выбарчыя акругі. Як вядома, Беларускі саюз пастуляваў змены на выбарчых акругах амаль з самага пачатку – з выбараў у мясцовыя органы самакіравання. Ці можам сказаць, што здзейсніліся мары?

Яўген Вапа: Можна адказаць на гэта прыказкай: калі паны б’юцца – мужыкам галоўкі трашчаць. І вось маем класічны прыклад, дзе бачым, як змены, якія вынікаюць з закону, стараюцца прагматычна скарыстаць для сваіх палітычных кампаній партыі. І тут, вядома, кожнаму, хто ведае Падляшскае ваяводства, не трэба быць палітычным аналітыкам, прарокам ці вялікім знаўцам нацыянальнай палітыкі, каб зразумець, што калі да 4 паветаў: Беластоцкага, Гайнаўскага, Бельскага і Сямятыцкага – далучыць павет Высокае Мазавецкае, то апошні будзе пасаваць, як кулак да носа. Таму для мяне гэта менавіта той доказ слушнасці словаў у інтэрв’ю маршалка Падляшскага ваяводства: “Для мяне гэта вынікае з выбарчага плана”.

Гэта крок у добрым кірунку. Але ёсць 4 паветы, і было б нормай, калі б да іх далучыўся пяты – Сакольскі, дзе пражываюць беларусы-каталікі. Бо яны такія ж беларусы, як мы. І рэлігія тут не мае значэння: яны могуць быць любога веравызнання. Таму Сакольскі павет вельмі натуральна ўпісваўся б у гэты працяг усходніх паветаў. Тым больш тут жывуць і татары, з якімі мы маглі б дамаўляцца. Таму далучэнне менавіта Высокага Мазавецкага ёсць цалкам палітычнай гульнёй, у якой станецца, што вінаватымі для большасці будуць нацыянальныя меншасці.

Мне падаецца, што тут ідзе пра тое, каб зрабіць усё магчымае, каб толькі не дапусціць “Права і Справядлівасць” да улады ў Сойме…

РР: Бо не сакрэт, што Высокае Мазавецкае – гэта бастыён “Права і Справядлівасці” на ўсіх выбарах.

Яўген Вапа: Магчыма, гэта ўсё робіцца якраз для пашырэння кааліцыі “Грамадзянскай платформы”, “Польскай сялянскай партыі” (ПСП) і “Саюза левых дэмакратаў”(СЛД).

РР: Хоць дзіўная сітуацыя зараз склалася ў ПСП і СЛД, якая мае 3 сваіх прадстаўнікоў у Сойміку, 2 з іх – беларусы. І якраз абодва не ўдзельнічалі ў выбарах. Яны былі перад выбарам: ці падпарадкавацца партыйнай дысцыпліне, ці ісці за голасам таго народу, які іх выбірае.

Яўген Вапа: І тут пытанне, ці будуць яны пакараны за парушэнне партыйнай дысцыпліны.

РР: Думаю, парушэнняў партыйнай дысцыпліны не будзе. Калі б яны прымалі ўдзел у галасаванні, то іншая рэч.  Нават сам віцэ-маршалак Башка сказаў, што, напэўна, былі важныя прычыны. Напрыклад, жніво.

Яўген Вапа: Я разумею, што жніво жніву не роўнае. Адны галасаванні бываюць важнейшыя за іншыя. Хацелася, відавочна, нейкім чынам захаваць  твар у гэтай сітуацыі.

Я баюся яшчэ адной рэчы. Зараз пачнуцца абвінавачванні ў бок нацыянальнай меншасці, што яна стварае невядома што. Бо выпушчэнне Высокага Мазавецкага стварае нядобрую атмасферу пры такім падзеле.

РР: Бо ў Высокага Мазавецкага цяпер малыя шансы прайсці ў Соймік…

Яўген Вапа: І памятаем таксама пра тое, што нічога супольнага ў гістарычным ці гаспадарчым плане няма. Гэта абсалютна розныя рэгіёны.

РР: І геаграфічна таксама. Гэта штучнае далучэнне.

Яўген Вапа: Нават калі закрануць тэму вырашэння праблемаў, напрыклад, усе праблемы памежных пераходаў, малога памежнага руху, ці тых жа беларускіх кантактаў, то больш шанцаў іх вырашэння з Сакольскім паветам, на тэрыторыі якога маем памежны пераход у Кузніцы. Ну, а па-другое, Сакольскі павет – гэта павет, які культурна, эмацыйна звязаны з беларускай духоўнасцю.

Відавочна, нічога ўжо не зменіцца. Але я думаю, што ваявода пратэст “Права і Справядлівасці” адкіне.

РР: Бо тут, здаецца, закон не парушаны. Іншае пытанне, што тут было: добрая воля ці выкананне выбарчага плану штабу? Як мне здаецца, губляецца сэнс гэтай рэформы, бо ўсе спасылаюцца на Выбарчы кодэкс, які гарантуе нацыянальным меншасцям у Польшчы палягчэнне працэдураў, каб дайсці да тых пасадаў, якія былі недасяжныя. Гэтыя ж выбары ў мясцовыя органы самакіравання – іх называюць найменш партыйнымі – надалей застаюцца партыйнымі.

Язген Вапа: Я не магу ўжо слухаць, калі нехта кажа: “Мы не самаўрадаўцы, мы палітыкі”. Выбары ва ўрад так спалітызаваны ў звязку з фінансавымі сродкамі, да якіх можна мець дачыненне. І гэта вялізная палітычная структура. І хто ў ёй стартуе? Сябры партыі.

РР: Якраз на апошніх выбарах была ініцыятыва лідараў вялікіх польскіх гарадоў, каб у Сенат выбіралі непартыйна. І, на жаль, яны прайгралі.

Яўген Вапа: Сэнс будзе тады, калі беларусы самы самаарганізуюцца ў беларускі выбарчы камітэт і самастойна стартануць. Бо варта помніць: дзяліць галасы беларусаў на розныя палітычныя партыі вельмі проста. Узяць на спіс адну асобу – і ўсё! Справа павінна ісці ў кірунку пэўнага грамадзянскага мыслення, усведамлення таго, што рабіў Беларускі саюз, стартуючы цягам столькіх гадоў у выбарах самакіравання і ваяводскага Сойміка як Беларускі выбарчы камітэт. Гэта важны фактар. Гэта дазваляе глядзець на нашы справы з нашага пункту гледжання – самастойнага беларускага грамадска-палітычнага руху.

На сённяшні дзень, на жаль, беларуская меншасць так разарвана палітычнымі партыямі, што ствараць самастойную сілу вельмі цяжка. І не ведаю, ці ў гэтых выбарах будзе шмат часу, каб стварыць самастойны беларускі выбарчы камітэт. І рух у Соймік будзе вельмі цяжкі, амаль немагчымы.

РР: Выбары хутчэй за ўсё пройдуць 16 лістапада. Але, як звычайна, будзем чакаць лепшага і рыхтавацца да ненайлепшага.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  elblag.net