Ці дазволяць у Берасці пікет, прысвечаны палітвязням?
У Берасці не могуць даць дакладны адказ, ці можна весці гавароку пра палітычных зняволеных у Беларусі. Пікет на такую тэму хочуць правесці берасцейскія праваабаронцы 10 жніўня ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Адпаведную заяўку на мерапрыемства ў дазволеным уладамі месцы з прыкладзенымі адмысловымі дамовамі яны накіравалі мясцовым уладам.
„Аднак дагэтуль не ўсе інстанцыі далі згоду на канчатковае заключэнне такіх дамоваў”, – кажа заяўнік пікету Уладзімір Вялічкін:
– Калі я падаваў заяўку з гэтымі дамовамі, то атрымалася, што адной дамовы не хапае, ёсць фармальная падстава для адмовы. Я дазваніўся да намесніка старшыні гарвыканкама, але ён мне нічога не сказаў наконт таго, ці дазволена праводзіць пікет ці недазволена. Ён сказаў так: „Вам усё напішуць, вышлюць, атрымаеце, прачытаеце”.
„У час пікета хацелася б да людзей не толькі данесці інфармацыю пра наяўнасць палітычных зняволеных у нашай краіне, але і абудзіць у іх грамадзянскую пазіцыю”, – дадаў праваабаронца. Такім чынам людзі могуць зразумець, што заўтра тое ж самае можа здарыцца з кожным з іх.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце