Адпіскі з Апарата Савета Міністраў і Адміністрацыі Прэзідэнта аднолькавыя
Каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя са Слоніма Іван Бедка атрымаў адказ з Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на калектыўны зварот жыхароў Слонімскага раёна.
У адказе за подпісам начальніка аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Л.І. Астроўскай паведамляецца, што зварот у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь атрыманы 9 ліпеня 2015 года накіраваны для разгляду ў Гродзенскі аблвыканкам.
Атрымаў Іван Бедка і адказ з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў М.С.Буко. Але гэты адказ амаль такі, як з Апарата Савета Міністраў: “Ваш зварот, які паступіў у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваны Гродзенскаму аблвыканкаму з даручэннем паведаміць Вам аб выніках разгляду”.
“Дзіўна, – сказаў нашаму карэспандэнту Іван Бедка, –Гэта проста чарговая адпіска Апарата Савета Міністраў і Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
Нагадаем, што ў панядзелак, 6 ліпеня 2015 года, Іван Бедка адправіў у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Савет Міністраў Беларусі, у Гродзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам больш за 200 подпісаў слонімцаў супраць дэкрэту пра дармаедства і за стварэнне працоўных месцаў з годнымі заробкамі ў Слоніме. Подпісы сабралі сябры грамадскай ініцыятывы “Народны кантроль” і проста слонімцы.
У калектыўным звароце паведамлялася, што ў Слонімскім раёне ўтварылася крытычная сітуацыя з працаўладкаваннем. Прадпрыемствы развальваюцца, масава скарочваюцца працоўныя месцы. Складаная сітуацыя з прадпрымальнікамі, якія ўрэшце папоўняць шэрагі беспрацоўных. Тым, хто зарабляў на жыццё ў Расеі, ехаць туды ў большасці сваёй, не мае сэнсу: у сувязі з крызісам не заробіш. З-за штодзённага росту цэн большасць грамадзян знаходзіцца на мяжы выжывання.
Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім