Ці кожная ўлада ад Бога?



У Беларусі рушыў збор подпісаў за 8 кандыдатаў у прэзідэнты. Першыя уражанні сябраў ініцыятыўных груп дастаткова несуцяшальныя. Выглядае, што сабраць патрэбныя 100 тысяч подпісаў будзе складана, паколькі грамадства ставіцца да выбараў абыякава.

Паводле Выбарчага Кодэксу, на збор подпісаў адведзена 30 каляндарных дзён. Аднак ініцыятыўныя групы адразу прыступілі да збору подпісаў. Аб тым, што сабраць патрэбную колькасьць подпісаў будзе няпроста паведаміў у прыватнасці кіраўнік выбарчага штабу лідара партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна – Валеры Ухналёў.

Пікет па зборы подпісаў за Калякіна зладзілі на скрыжаваньні вуліц Івана Мележа і Якуба Коласа: «Людзей не турбуюць выбары. Яны пра іх не ведаюць. Калі пачынаеш з імі размаўляць, то бачна, што яны і не хочуць пра гэта ведаць. Не ведаю, як будзе далей, але пакуль стаўленне да выбараў абыякавае. Ёсць, натуральна, і людзі зацікаўленыя. Яны падыходзяць самі, распісваюцца. Але, буду шчыры, такіх адзінкі».

Падобныя ўражанні склаліся і ў прыхільнікаў лідара АГП Анатоля Лябедзькі, якія збіралі подпісы у Магілёве. За тры з паловай гадзіны сабралі больш за трыццаць подпісаў. Прынагодна зборшчыкі подпісаў пачулі ад аднаго мінака, які не пажадаў падпісацца вось такія словы: «У гэтых выбарах настолькі прадвызначаны вынік, што сэнсу ў іх удзельнічаць ніякага няма». На пытанне: «Як жа тады мяняць сытуацыю ў краіне? Магілёвец адказаў: «На гэтае пытанне ў мяне адказу няма, але ўдзел у гэтых выбарах краіну не зменіць». Кіраўнік выбарчага штабу Лябедзькі Леў Марголін заявіў, што «Пакуль народ раскачваецца. Многія наагул не ведаюць пра выбары. А стаўленне да нашага кандыдата такое – альбо станоўчае, альбо скептыцызм. Такіх рэзка адмоўных словаў на яго адрас няма».

Відавочна з улікам пасіўнага, інэртнага, абыякавага стаўлення да выбараў палітолаг Валер Карбалевіч напісаў знакаміты, як я лічу, артыкул пад загалоўкам: „Навошта выбары?” Ён піша, што у Беларусі існуе ды імітуе бурную дзейнасць шэраг інстытутаў, якія фактычна лішнія, без якіх можна абыйсціся. Гэта Нацыянальны сход, мясцовыя саветы, Канстытуцыйны суд, прафсаюзы, БРСМ, партыі, выбары… Калі б яны раптам зніклі ці былі распушчаныя прэзідэнцкім указам, гэта ніяк не паўплывала бы на існаванне эканамічнай і палітычнай сістэмы. Больш за тое, думаю, большасць насельніцтва гэтага б і не заўважыла. Бо ўсе гэтыя інстытуты даўно страцілі першапачатковы сэнс, гэта пятае кола ў дзяржаўным возе», – піша Валер Карбалевіч. Дык навошта ўся гэтая фікцыя? Спадар Карбалевіч тлумачыць гэта тым, што усё тлумачацца жаданнем улады, нават талітарнай, нават савецкай, мець прынамсі выгляд быць легітымнай, мець фармальнае права на ўладу, бо «гэта толькі ў манархічных сістэмах улада ад Бога. А ва ўсіх астатніх, нават таталітарных, сістэмах фармальна ўлада ад народу». Якраз з гэтым дазволю сабе не пагадзіцца. Ёсць у Лісце Апостала Паўла да Рымлянаў ( 13,1-5) славутая фраза «Няма ўлады, як толькі ад Бога». На іх спасылаюцца ўсе ўладалюбныя тыраны, аднак сэнс гэтых слоў ужо ў 4-м стагоддзі аўтарытэтна патлумачыў святы Яна Залатавусны. «Ці-ж кожны ўладар ўстаноўлены Богам? У ініякім разе. Не расходзіцца пра канкрэтных уладароў, але пра саму ўладу. Дзякуючы Божаму розуму існуюць улады, адны кіруюць, а іншыя ім падпарадкоўваюцца і ўсё адбываецца ўпарадкавана. Паколькі Бог стварыў людзей, як істоты па сваёй натуры сацыяльныя, то ніякае грамадства не можа існаваць без улады, якая эфектыўна схіляе адзінкі для дзеяння дзеля агульнага дабра. Вось таму ўлада, як і само грамадства, па сваёй натуры паходзіць ад Бога Створцы», – пісаў Ян Залатавусны. Яго словы поўнасцю працытаваў у сваёй энцыкліцы Папа Яна Павал Другі.

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ