Беларус у Слоніме абараняе родную мову
Жыхар горада Слоніма Іван Шэга звярнуўся з пісьмом да старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова.
У пісьме Іван Шэга паведаміў:
Паважаны Уладзімір Васільевіч!
Напачатку ліпеня 2015 года я напісаў ліст у Слонімскі райвыканкам на імя старшыні райвыканкама А.М.Таргонскага. У ім звярталася ўвага на дыскрымінацыю беларускамоўнага насельніцтва Слонімскага раёна. Якое не мае магчымасці атрымаць патрэбную інфармацыю на беларускай мове на афіцыйным сайце Слонімскага райвыканкама. У тым жа лісце я прасіў знайсці магчымасць дабавіць на сайт, акрамя рускай і ангельскай моў, яшчэ і нашу родную беларускую мову.
- 07. 2015 года я атрымаў адказ ад старшыні Слонімскага райвыканкама ад 17.07.2015 года. Але, акрамя засмучэння, адказ нічога не выклікаў. Не ведаю, хто рыхтаваў гэты адказ, але, на жаль, ён утрымлівае хлусню. У адказе з райвыканкама сказана, што ”тэхнічныя магчымасці сайта райвыканкама не дазваляюць падтрымліваць адначасова тры мовы.” Але гэта поўная хлусня. Спецыялісты, з якімі я кансультаваўся, сцвярджаюць, што дабаўленне беларускай мовы на сайт цалкам магчыма.
Спасылкі ж на тое, што большасць жыхароў на Слонімшчыне размаўляе на расейскай мове, не могуць з’яўляцца прычынай дыскрымінацыі этнічных беларусаў Слонімшчыны, бо для гэтага і існуюць у нас дзве дзяржаўныя мовы. А калі іх дзве, то трэба адносіцца роўна да абедзвюх, а не даваць перавагу адной. Што тычыцца іншых грамадзян, то яны могуць выкарыстоўваць “для зносін” хоць кітайскую, ці арабскую мову: гэта іх справа. Асабіста я, як беларус, які нарадзіўся і вырас тут, на беларускай зямлі, маю права атрымліваць патрэбную інфармацыю на сваёй роднай мове.
Не выклікае ў мяне аптымізму і абяцанне, што “пры далейшым абмеркаванні мадэрнізацыі сайта ваша прапанова абавязкова будзе ўлічана”. Бо гэта ўсё неяк вельмі неканкрэтна, негрунтоўна і выклікае пытанні: якое абмеркаванне, калі і з кім збіраецца райвыканкам абмяркоўваць магчымасць мне, беларусу, карыстацца роднай мовай?
Лічу, што мой зварот у Слонімскі райвыканкам сур’ёзна не разглядаўся, прынятае па ім рашэнне, па сутнасці, рашэннем не з’яўляецца. Райвыканкам ігнаруе думкі слонімцаў. Райвыканкам займаецца дыскрымінацыяй беларусаў. Менавіта таму і звяртаюся да Вас з прапановай: даць распараджэнне аб дапрацоўцы сайта Слонімскага райвыканкама, як і ўсіх іншых сайтаў дзяржаўных устаноў Гродзенскай вобласці, забяспечыўшы іх абавязковай наяўнасцю беларускамоўных старонак з мэтай забяспячэння роўных магчымасцей выкарыстання абедзвюх дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім