Незалежнай журналістцы з Берасця пагражаюць чарговым судом



Журналістцы-фрылансеру з Берасця Аліне Літвінчук мясцовыя праваахоўныя органы пагражаюць чарговым судом і пакараннем за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Згодна з ранейшай інфармацыяй суд быў запланаваны на 28-га ліпеня.

Аліна Літвінчук

Але цяпер супрацоўнік Маскоўскага РАУС Берасця Віталь Трацюк прапанаваў Аліне падпісаць абсурдную распіску ў тым, што яна ў гэты дзень прыйдзе ў суд, каб давецца а якой гадзіне ён адбудзецца і ці ўвогуле такая справа будзе разглядацца.

Таксама Аліне Літвінчук ён прапанаваў распісацца ў тым, што калі на суд яна спазніцца ці не зможа прыйсці, то прапануе разгледзець справу ў сваю адсутнасць:

– Я ў яго запыталася, а якім нарматывам ён карыстаўся, калі прынёс такую распіску? Яна была раздрукавана на звычайным аркушы А4, і запатрабавала ад яго позвы ў афіцыйнай форме. Ён не змог прадставіць нарматыўныя дакументы, якімі ён карыстаўся, і не змог таксама мне прадставіць афіцыйную позву. Пасля 10-ці хвілін маўчання і кансультавання са сваім кіраўніцтвам ён сказаў: „Вы можаце быць вольныя”.

Сёлета ў Беларусі незалежныя журналісты-фрылансеры атрымалі некалькі дзясяткаў штрафаў за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Аб’ектам пераследу ўладаў становяцца як след журналісты незалежных СМІ, якія не могуць атрымаць акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя