Палітвязень Рубцоў спыніў галадоўку, але будзе абскарджваць прысуд



Юры Рубцоў мае намер і далей абскарджваць прысуд у два гады пазбаўлення волі, які вынес яму Пружанскі раённы суд па абвінавачванні ў адмове ад адбыцця „хіміі”. 24 ліпеня Берасцейскі абласны суд касацыйную скаргу палітвязня не задаволіў, і такім чынам прысуд уступіў у сілу, перадае „Радыё Свабода”.

Юры Рубцоў

„Іншага і не чакаў, але не збіраецца скарацца і будзе падаваць скаргу далей, у Вярхоўны Суд. Ён па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым”, – паведаміла жонка актывіста Ядзвіга Рубцова. Яна спаслалася на звесткі ад адваката, якая наведала Юрыя Рубцова ў баранавіцкім следчым ізалятары. Па дадзеных Ядвігі Рубцовай, яе муж галадоўку спыніў больш за тыдзень таму. „Адвакат сказала, што выглядае нармальна, на стан здароўя не скардзіцца. А што тычыцца ўмоў утрымання, то ўжо рыхтуецца да іншага месца”, – паведаміла жонка актывіста. Куды накіруюць Юрыя Рубцова для адбыцця пакарання, пакуль невядома.

Нагадаем, што грамадскі актывіст Юры Рубцоў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі нібыта за ўхіленне ад адбыцця пакарання „хіміяй”. У спецкамендатуры „Куплін”, куды Рубцова накіравалі на 1,5 гады за „абразу” суддзі Савецкага раёна горада Менска Кірыла Палулеха, ён „адмаўляўся працаваць”. Сам Рубцоў ў судзе казаў, што не адмаўляўся працаваць наогул, але не згаджаўся з прапанаванымі яму працамі, зарплата на якіх была ніжэй, чым сярэднемесячная па краіне. „Лукашэнка абяцаў усім па 600 даляраў заробку, але падмануў”, – казаў Рубцоў у апошнім слове на працэсе.

Да „хіміі” Юры Рубцоў быў прысуджаны за тое, што нібыта абразіў суддзю, які пагадзіўся судзіць яго. Напярэдадні яго затрымалі за нашэнне майкі з заклікам „Лукашэнка сыходзь”, сарвалі з яго майку і распранутага прывезлі ў суд. Падчас адбыцця „хіміі” Юры Рубцоў зрабіў сабе на грудзях тату з тымі ж словамі – „Лукашэнка сыходзь”.