Ці мелі права ўлады здаць у арэнду 10 км ракі Мухавец?



У Берасці паскардзіліся ў пракуратуру і ў дзяржаўны кантроль на прыватызацыю часткі берага ракі Мухавец. Адпаведныя лісты накіравалі актывісты кампаніі “Гавары Праўду!” сумесна з прадстаўнікамі Берасцейскай абласной грамадскай арганізацыі Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Падставай для стварэння канфліктнай сітуацыі стала здача ў арэнду дзесяці кіламетраў ракі для прамысловай лоўлі рыбы. „Гэтая справа атрымала шырокі розглас сярод грамадскасці Берасця,” – кажа палітык Ігар Маслоўскі.

– Вельмі шмат людзей занепакоены станам, у якім апынулася рака Мухавец. Таму мы накіроўваем скаргі ў Берасцейскую абласную пракуратуру, у Дзяржкантроль, іншыя інстанцыі, каб яны далі прававую ацэнку дзеянням Берасцейскага раённага выканаўчага камітэта, які здаў у арэнду Таварыству з абмежаванай адказнасцю 10 кіламетраў ракі Мухавец.

На ўчастку ракі Мухавец паміж Берасцем і мяжою Жабінкаўкага раёну звычайныя рыбаловы змогуць лавіць рыбу толькі за пэўную плату. Па меркаванню грамадскіх актывістаў, такая сітуацыя супярэчыць беларускаму заканадаўству.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота panoramio.com