Жыхарка Берасця: У сваёй краіне я жыву як у ГУЛАГу
Людзі адмоўна ставяцца да новага кроку ўладаў абмежаваць іх правы на скаргі. Апытаныя на вуліцах Берасця і Бярозы лічаць, што правы дамагчыся праўды будуць абмежаваныя. Чыноўнікам не спатрэбяцца нават адпіскі, раз з’явілася магчымасць караць занадта ўпартых, кажуць грамадзяне:
– Якія могуць быць штрафы, калі скарга абгрунтаваная, калі чалавек вымушаны скардзіцца? Куды яму ісці, у пятлю лезці?
– Гэта ўжо “зялёная вуліца” для чыноўнікаў. Пашлюць чалавека падалей, а пасля яшчэ і прымусяць заплаціць.
– У мяне такое ўражанне, што ў сваёй краіне я жыву як у ГУЛАГу.
– Закон накіраваны на тое, каб прыстрашыць людзей, каб яны не дабіваліся справядлівасці.
– Гэта механізм для падаўлення незадаволенасці.
Праваабаронца Раман Кісляк адзначае, што неабходна падвышаць якасць працы чыноўнікаў, тады грамадзяніну не будзе нагоды звяртацца ў органы шмат разоў:
– Сталі больш жорсткімі санкцыі супраць заяўнікаў, а санкцыі супраць чыноўнікаў, на жаль, не. Зразумела, што неабходна працаваць над тым, каб паляпшалася якасць працы саміх чыноўнікаў.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон „Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь „Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”
Дзе будуць пакараны рублём тыя, хто піша шмат неабаснаваных скаргаў.
Беларускае Радыё Рацыя