Як улады збіраюцца змагацца з ростам беспрацоўя?



“Беспрацоўе ў краіне – гэта сур’ёзны выклік для уладаў”, – лічыць прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў.

Аляксандр Бухвостаў

Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на канец чэрвеня 2015 года склала 46,8 тыс. чалавек, што ў 2,2 разу больш, чым на канец чэрвеня 2014 года, і на 4,7% больш, чым на канец мая 2015 года, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Белстата са спасылкай на звесткі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Тым часам, у Менску за год колькасць зарэгістраваных беспрацоўных вырасла больш як у чатыры разы! Аляксандр Бухвостаў: У першую чаргу на такую сітуацыю паўплываў эканамічны крызіс, хоць пэўны эфект дае і легалізацыя тых беспрацоўных, якія не хочуць плаціць падатак на дармаедаў. Але галоўнае – эканамічны фактар. Прадпрыемствы рэзка зніжаюць аб’ёмы вытворчасці, людзі застаюцца без працы. Больш таго – сітуацыю яшчэ і стрымліваюць. Безумоўна, скарачэнні непазбежныя, калі ўкараняюцца новыя тэхналогіі. Але ж справа ў іншым – беспрацоўе расце з-за стратных прадпрыемстваў. І прагрэсу тут не бачна, таму не выключана, што з часам будзе яшчэ горш. Мяркую, што вясной мы гэта ўбачым.

РР: На ваш погляд, як улады збіраюцца вырашаць праблему беспрацоўя?

Аляксандр Бухвостаў: Лічу, што яны да гэтага ўвогуле на падрыхтаваны. У нас ужо прызвычаіліся казаць, што беспрацоўя ў краіне няма, хоць яно заўсёды было. Мільёны людзей выязджалі на заробкі ў Расею ці ў іншыя краіны. А зараз і ехаць няма куды – усходні сусед сам у крызісе. Патрэбна адмысловая праграма, але стварэнне новых працоўных месцаў – складаны працэс, які патрабуе вялікіх грошай, інвестыцый. Таму я не ведаю, як улада збіраецца вырашаць гэтае пытанне. Бо беспрацоўныя яшчэ і жыць за нешта павінны, а значыцца трэба павялічваць дапамогу па беспрацоўі. Адным словам, для ўладаў гэтая праблема – сур’ёзны выклік. Усім зразумела, што неабходна перабудоўваць эканамічную сістэму. Нельга ўвесь час трымацца на датацыях, на забаронах звальняцца. Працоўныя калектывы неабходна захоўваць, калі ёсць прыстойны заробак, які дазваляе гэдак жа прыстойна жыць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя