У Берасці знікае ажыятаж каля цэнтраў занятасці
У Берасці скарачаецца колькасць людзей у чэргах каля цэнтру занятасці, а таксама знікае ажыятаж.
Гэта звязана з тым, што грамадзяне маюць усё менш надзеі на атрыманне працоўнага месца з годным заробкам. У гэтым перакананы старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Незалежных Прафсаюзаў Беларусі Валянцін Лазарэнкаў. Ён лічыць, што адбываецца ўсё большая стагнацыя рынку працы:
– У першую чаргу гэта звязана з тым, што апошнім часам новых прапаноўваў па працоўных месцах няма. А, па-другое, ідзе лета, і людзі заўсёды летам шукаюць працу ў іншых месцах, на выездзе – у замежжы. А на Берасцейшчыне новыя месцы працы не з’яўляюцца, новыя вытворчасці не запускаюцца.
На першага ліпеня гэтага году ва ўпраўленні працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва Берасцейскага гарадскога выканаўчага камітэту стаялі на ўліку крыху больш за две тысячы беспрацоўных. У мінулым годзе на гэтую ж дату на ўліку стаялі ўсяго дзевяць соцен чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце