У Менску прайшоў Форум экалагічных арганізацый



Аналіз сітуацыі ў сферы экалогіі, новыя заканадаўчыя аспекты, хімічная бяспека, магчымасці для паляпшэння сістэмы аховы навакольнага асяроддзя і ўзаемадзеяння прадстаўнікоў грамадскага сектару. Гэтыя ды шэраг іншых пытанняў былі абмеркаваныя ў Менску на Форуме грамадскіх экалагічных арганізацый.

зямля

Агулам у ім прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў ініцыятываў, аб’яднанняў і эколагаў.

Адзін з арганізатараў мерапрыемства, прадстаўнік арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны” Андрэй Абрамчук перакананы, што такое мерапрыемства – гэта добрая пляцоўка для камунікацый:

– У цэлым колькасць грамадскіх экалагічных арганізацый, якія ўзялі ўдзел, я думаю, што гэта некалькі дзясяткаў, бо Беларусь у гэтым сэнсе не самая развітая краіна, то бок у нас іх не так шмат, тым больш актыўна працуючых. Усе, хто актыўна працуе, дакладна былі таму, што гэта не толькі пляцоўка для таго, каб абмяняцца меркаваннямі і паказаць сябе, але і даведацца пра тое, што робяць іншыя арганізацыі.

„Нягледзячы на тое, што грамадскіх арганізацый, якія спецыялізуюцца ў сферы экалогіі, у нас не шмат, кожная з іх мае сваю спецыфіку”, – адзначыў Андрэй Абрамчук. Менавіта таму, з яго словаў, важна шукаць агульныя напрамкі, па якім могуць супрацоўнічаць арганізацыі.

Беларускае Радыё Рацыя