У Глыбокім знойдзена адна са старэйшых мацэў Беларусі



У Глыбокім знойдзена адна са старэйшых мацэў Беларусі, яна датуецца 1708 годам. Гэта вызначыла навуковая экспедыцыя, якую зладзіла грамадская арганізацыя „Сэфер”.

Яна завяршыла сваю працу ў горадзе. Этнографы арганізацыі ўзялі больш за 50 інтэрв’ю ў мясцовых старажылаў пра жыццё габрэяў, а эпіграфісты былі нечакана здзўлены сваёй знаходкай – надмагільным камянём – старажытнай мацэвай.

Па словах прафесара Віскансінскага ўніверсітэта Міхаіла Насаноўскага, гэта знаходка вельмі істотная і цікавая:

– Сінагога, якая тут стаяла, яна была заснаваная ў 1742 годзе, калі епіскап даў габрэям прывілей і дазволіў пабудаваць сінагогу. Тады ж быў дадзены дазвол выкарыстоўваць габрэйскія могілкі, але не было дагэтуль вядома ці існавалі яны раней. Цяпер мы знайшлі даволі шмат надмагілляў. Да гэтага часу 1730 гады, і вось гэтае самае старое, цяпер мы дакладна ведаем, што могілкі тут былі раней у першай палове васямнаццатага стагоддзя.

Як кажа прафесар Міхаіл Насаноўскі, гэтая мацэва ўяўляе гісторыка-культурную каштоўнасць, бо на габрэйскіх могілках у Беларусі сустракаюцца надмагільныя камяні  ў асноўным дзевятнаццатага стагоддзя і канца васямнаццатага. А ў Глыбокім знайшлося нават некалькі мацэў першай паловы васямнаццатага стагоддзя.

ekspedycyja_maceva_1

ekpedycyja_maceva_2

Прафесар Міхаіл Насаноўскі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтара