„За будучыню незалежнай Беларусі” – новы слоган праўладных паліттэхнолагаў
„За будучыню незалежнай Беларусі”, – такі палітычны слоган выкарыстоўваюць праўладныя паліттэхнолагі падчас збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.
Плакаты з выявай кіраўніка дзяржавы часта суправаджаюцца беларускамоўнымі надпісамі.
Паводле кіраўніка Гомельскай абласной філіі Руху „За свабоду” Пятра Кузняцова, выкарыстанне такога лозунга сведчыць пра спробы ўлады адпавядаць настроям большасці грамадства:
– Галоўнае чаканне нацыі – гэта бяспека. І бяспека незалежнай Беларусі – няўцягнутасць у негатыўныя працэсы, якія адбываюцца, у тым ліку і ў Расеі, звязаныя са ўзброенымі канфліктамі і санкцыямі, міжнароднай ізаляцыяй. Гэта агульны пакет бяспекі, не толькі ваеннай, але і палітычнай і эканамічнай, што можа даць сапраўдны суверэнітэт, таму што яны чакаюць трапіць у чаканні большасці.
Палітычны кансультант Юрый Варонежцаў выказвае меркаванне, што слоган „За будучыню незалежнай Беларусі” распрацоўваўся зусім не для беларускіх выбарцаў:
– Гэта лозунг, магчыма, не для ўнутранага выкарыстання. Я не прысутнічаў падчас размоваў Пуціна і Лукашэнкі, але падазраю, што ёсць пэўнае напружанне, звязанае з выкананнем пэўных абавязкаў – той жа пазіцыі адносна Крыму, украінскіх падзеяў.
У ранейшыя перыяды выбарчыя штабы Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўвалі разнастайныя палітычныя лозунгі. Найбольш вядомыя з іх – „За моцную і квітнеючую Беларусь!”, „За дзяржаву для народа!” і, нарэшце, на 25-ы год незалежнасці краіны – „За будучыню незалежнай Беларусі!”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель