Дацэнт ВНУ: Палову з нашых студэнтаў трэба адлічваць
Беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы завяршылі кампанію па дадатковым наборы студэнтаў на бюджэтныя спецыяльнасці. Каля 350 месцаў прапанавалі 11 ВНУ краіны для тых, у каго не атрымалася стаць студэнтам у перыяд асноўнага набору.
Дацэнт Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны Віктар Адзіночанка мяркуе, што недаборы студэнтаў сведчаць пра крызісныя праявы ў сістэме вышэйшай адукацыі:
– Я размаўляў са сваімі калегамі з іншых універсітэтаў, устаноўка такая, што не адлічваць ні ў якім выпадку, зрабіць максімум, каб студэнт вучыўся. Зараз большасць выкладчыкаў проста махнулі на гэта рукой, ну і адкрыта кажуць, што палову з нашых студэнтаў, гэта мне ў дэканатах кажуць, што палову з нашых студэнтаў трэба адлічваць. Такая сітуацыя ўрэшце рэшт прывядзе, на мой погляд, да развалу адукацыі – па гэтай схеме была развалена сярэдняя адукацыя.
Больш за ўсё вакантных месцаў падчас дадатковага набору было ў Сельскагаспадарчай акадэміі, Віцебскім тэхналагічным універсітэце, Гомельскім універсітэце імя Паўла Сухога і Магілёўскім імя Аркадзя Куляшова.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель