Дзе возьмуць грошы на падвышэнне пенсій?



Экс-старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што магчымасці для падвышэння пенсій у дзяржавы ёсць.

На нарадзе па пытаннях сацыяльнага забеспячэння Лукашэнка даручыў знайсці магчымасць для падвышэння пенсій на 5% з 1 верасня.

З пачатку 2015 года назіраецца зніжэнне рэальнага памеру пенсій (разлічаных з улікам інфляцыі). Так, паводле звестак Белстата, у студзені гэты паказчык паменшыўся на 2% у параўнанні з папярэднім месяцам, лютым — на 1,4%, сакавіку — на 0,8%, красавіку — на 0,9%, маі — на 0,6%. Пры гэтым намінальны памер пенсій на працягу гэтага перыяду не мяняўся.

Станіслаў Багданкевіч: Бюджэт у Беларусі прафіцытны. У сувязі з інфляцыяй абясцэненых грошай паступае больш, а выдаткі не індэксуюцца – у тым ліку, і на заробкі чыноўнікам. Таму нейкія грошы ў бюджэце ёсць.

РР: Ёсць меркаванне, што могуць уключыць друкарскі станок…

Станіслаў Багданкевіч: Думаю, пенсіі могуць павялічыць і без гэтага. Не бачу тут вялікай праблемы, хоць уладзе ў першую чаргу трэба думаць, як падымаць эканоміку, каб яна стала больш рэнтабельнай і прыбытковай. Тады і заробкі можна быць падвышаць, і пенсіі ў спакойным рэжыме, а не “даваць даручынні знайсці сродкі”. Але паўтаруся – нейкія намінальныя рэсурсы ў бюджэце ёсць.

РР: На ваш погляд, ці павысяць яшчэ і заробкі перад выбарамі?

Станіслаў Багданкевіч: Усё можа быць, хоць, заходзячы з эканамічнай сітуацыі, заробкі не павінны падымацца. Эканоміка ідзе ў мінус, УВП знізіўся больш чым на 3 адсоткі… Але ўлада можа, безумоўна, зрабіць шырокі жэст, які з пункту гледжання эканомікі будзе абсалютна непатрэбным.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота people.onliner.by